«Белавія» спадзяецца на фінансавую кампенсацыю за прыпыненне паставак Boeing 737 MAX


«Белавія» сумесна з лізінгавымі кампаніямі прапрацоўвае механізм фінансавай кампенсацыі шкоды, якія авіякампанія панесла ў выніку зрыву тэрмінаў пастаўкі двух самалётаў Boeing 737 MAX. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў, піша БелТА.

Паводле словаў дырэктара кампаніі прыпыненне паставак самалётаў у сярэдзіне гэтага году стварыла для «Белавія» дадатковыя складанасці і цяжкасці ў планаванні рэйсаў, асабліва чартарных праграмаў у летні перыяд. Авіякампанія разлічвае на кампенсацыю.

«Акрамя таго, мы панеслі страты ў выніку таго, што ўжо выдаткавалі вялікія сродкі на падрыхтоўку персаналу, наземнай базы для эксплуатацыі гэтых самалётаў і сёння гэтыя сродкі не працуюць», – дадаў гендырэктар «Белавія».

Анатоль Гусараў адзначыў, што тэма Boeing 737 MAX – балючая для «Белавія». У прыватнасці, адсутнасць самалётаў гэтага класу стрымлівае развіццё маршрутаў на Усходнім кірунку.

«Нам вельмі цікавыя напрамкі ў Кітай, Індыю. Але тут мы ўпіраемся ў адсутнасць самалётаў Boeing 737 MAX», – сказаў гендырэктар авіякампаніі.

Два самалёты Boeing 737 MAX «Белавія» павінна была атрымаць цягам траўня і чэрвеня бягучага году. Аднак тэрміны былі сарваныя. Справа ў тым, што на працягу пяці месяцаў адбыліся дзве авіякатастрофы з самалётамі гэтай мадэлі, а таму многія краіны і авіякампаніі прыпынілі палёты Boeing 737 серыі MAX.

У выніку кампанія Boeing паведаміла і пра прыпыненне паставак самалётаў.

«Бяспека заставалася галоўнай каштоўнасцю для Boeing з тых часоў, як мы пачалі будаваць самалёты, і застанецца ёю назаўсёды. Большага прыярытэту для нашай кампаніі і нашай індустрыі не існуе», – сказаў пасля катастрофаў прэзідэнт кампаніі Дэніс Мюленбург.

Hавiны
«Boeing» часова прыпыняе палёты ўсіх самалётаў 737 MAX. Што «Белавія» зробіць з замоўленымі лайнерамі?
2019.03.14 09:05

belsat.eu

Стужка навінаў