Беларусы ў Польшчы змогуць атрымаць грашовую дапамогу па беспрацоўю


13 лютага Польшча і Беларусь падпісалі дамову аб сацыяльным забеспячэнні, якая гарантуе працаўнікам такія ж самыя правы, як у іхных родных краінах.

Дамова дазволіць беларусам, якія працуюць у Польшчы і палякам, якія працуюць у Беларусі, атрымаць права на дапамогу па часоваму беспрацоўю, права на дапамогу на дзіця і іншыя найважнейшыя правы працоўных.

«Працаўнікі атрымліваюць магчымасць на страхаванне ад няшчасных выпадкаў на працы і на пенсіі – тыя найважнейшыя сацыяльныя гарантыі, якія дзяржава павінная прадстаўляць наёмным працаўнікам», – заявіў у Варшаве намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валер Кавалькоў.

Справка

Ад 1 студзеня 2019 года памер дзяржаўнай дапамогі па беспрацоўі ў Беларусі складае ад 21 да 51 рубля. Дапамогу па беспрацоўі можна атрымліваць не больш за паўгода. Мінімум адзін раз на месяц трэба адзначацца на біржы працы.

У Польшчы памер дапамогі беспрацоўным складае 847 злотых (або каля € 200) у першыя тры месяцы і 665 злотых (каля € 150) у другія тры месяцы пасля рэгістрацыі ў адмысловым рэестры беспрацоўных.

Зараз дамову чакае ратыфікацыя. Паралельна з працэсам ратыфікацыі Польшча і Беларусь будуць працаваць над адміністратыўным пагадненнем з мэтай рэалізацыі гэтай дамовы пасля набыцця ею моцы.

Пасля падпісання дамовы старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, які ўзначаліў беларускую дэлегацыю ў Польшчы, заявіў журналістам, што яна была падпісаная «ў інтарэсах абедзвюх краінаў і абодвух народаў».

«Усе нашыя сустрэчы былі вельмі канструктыўнымі і яны былі нацэленыя на перспектыву, на ўвагу да простых людзей, да моладзі. Мы павінныя зрабіць усё, каб нашыя дачыненні – як двухбаковыя, гэтак і ў межах міжнародных кантактаў – развіваліся досыць дынамічна і служылі нашым краінам і народам», – заявіў Мясніковіч.

11–14 лютага ў Варшаве па запрашэнні маршалка Сенату Польшчы знаходзіцца парламенцкая дэлегацыя Беларусі. Гэта першы за доўгія часы беларускі візіт у Польшчу такога высокага ўзроўню.

Аб’ектыў
Польшча прымае Мясніковіча
2019.02.11 21:22

Дзяніс Дзюба, фота – Adam Chelstowski / Forum

Стужка навінаў