Польшча прымае Мясніковіча


Запланаваныя сустрэчы ад міністра замежных справаў да прэм’ера і прэзідэнта Польшчы. У Варшаву на запрашэнне Сейму прыбыла парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале з Міхаілам Мясніковічам. Гэта першы за доўгія часы беларускі візіт у Польшчу такога высокага ўзроўню.

На парадку трохдзённага візіту ў Варшаве – перадусім гандлёва-эканамічныя пытанні ды інвестыцыйная супраца паміж краінамі. Дэлегацыя завітае таксама ў Беласток. Умацоўваць беларуска-польскія дачыненні нашая краіна даручыла парламенту, нягледзячы на тое, што з кіраўніка Беларусі знялі абмежаванне на наведванне еўрапейскіх краінаў.

«Калі наш прэзідэнт паедзе за мяжу, на Захад, то на Усходзе так званыя браты адразу ж адрэагуюць. Бачыце, як на мяккую беларусізацыю рэагуюць?»

«Можа быць, яму прасцей кантактаваць з былымі лідарамі постсавецкіх рэспублік. Можа быць, таму».

«Магчыма, не паважаюць яго там заходнія краіны за ягоную палітыку, стаўленне да народу», – кажуць менчукі.

На думку некаторых палітолагаў, у сустрэчы старшыні Савету Рэспублікі і прэзідэнта Польшчы няма анічога дзіўнага. Тры гады таму Лукашэнка прымаў старшыню сенату Польшчы Станіслава Карчэўскага. Да таго ж Мясніковіч – кіраўнік, які ўмее дамаўляцца і якому давярае Лукашэнка. У чыноўніцкім крэсле ён трымаўся доўга.

Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі:

«Што наконт Астравецкай АЭС, Беларусь непакоіць гэтае пытанне, і яны спрабуюць дамовіцца, хто яшчэ можа набываць частку гэтай энергіі. І Польшча ўваходзіць у гэты спіс, але не думаю, што гэтае пытанне будзе вырашацца выключна Польшчаю».

Пацяпленне дачыненняў з Захадам і з Варшаваю распачалося ў 2015-ым. З таго часу адбыўся шэраг двухбаковых сустрэчаў, у Беларусь прыйшлі польскія інвестары. Таваразварот толькі за мінулы год павялічыўся больш чым на пяць адсоткаў.

Аднак абʼём беларускага экспарту летась склаў толькі мільярд трыста мільёнаў долараў. Гэта перадусім – нафтапрадукты і драўніна. Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату» каментуе:

«Гэта звязана хутчэй з супадзеннем. З павелічэннем коштаў на энергарэсурсы, якія былі на сваім дне ў 2015 годзе і з тых часоў паступова раслі. У наступным годзе, калі, як чакаецца, сярэдні кошт на нафту можа знізіцца, то хутчэй за ўсё і таваразварот нягледзячы на стан двухбаковых стасункаў, таксама зменшыцца».

На думку адмыслоўцаў, візіт беларускай дэлегацыі ў Польшчу пакуль варта разглядаць не як большае пацяпленне, а як захаванне стасункаў на ранейшым узроўні.

Юлія Лабанава, belsat.eu