Ад сёння прыватныя перавозчыкі працуюць паводле новых правілаў.
Згодна з новаўвядзеннямі у закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» кіроўцы мусяць заключаць дамовы з дзяржаўным аператарам і з вакзаламі. Гэта нясе нязручнасці і дадатковыя выдаткі для пасажыраў і бізнесоўцаў, бо трэба будзе плаціць за паслугі аператару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.
Калі раней маршрутка магла збіраць і развозіць людзей паводле асабістых узгадненняў, цяпер перавозчык мусіць адпраўляцца з аўтавакзалу, мець прыпынкі ў вызначаных месцах, а таксама мець зацверджаны графік і маршрут.
Праз новыя правілы ад панядзелка некаторыя фірмы прыпынілі працу.
Колькасць негатыўнай рэакцый імкліва расце. Людзі аказаліся ў транспартнай пастцы. Некаторыя таксоўшчыкі на свой страх і рызыку працягваюць перавозкі.
У інтэрнэце пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй падтрымаць маршрутнае таксі і захаваць ранейшы парадак перавозак. Яшчэ адну петыцыю можна падпісаць тут. Іх перакажуць у Міністэрства транспарту і камунікацый. Чакаецца, што сёння чыноўнікі дадуць афіцыйны каментар.
Маршрутнае таксі ў Беларусі шмат для каго – адзіны спосаб перасоўвання, якім хутка і нядорага можна дабрацца практычна паўсюль.
ДР belsat.eu