Беларускія спецназаўцы перамаглі ў Чачэніі на чэмпіянаце імя Кадырава (ФОТА+ВІДЭА)


Беларускія спецназаўцы перамаглі ў чэмпіянаце па тактычнай стральбе сярод сілавых падраздзяленняў, які праходзіў у горадзе Гудэрмес у Чачэніі з 28 красавіка да 1 траўня. Фота instagram.com/special_forces_of_russia/

Міжнародны чэмпіянат па тактычнай стральбе праходзіў з 28 красавіка да 1 траўня ў Расейскім універсітэце спецназу ў Гудэрмесе, куды з’ехаліся звыш 350 спецназаўцаў з Беларусі, Кітаю, Арменіі, Казахстана і рэгіёнаў Расеі – Забайкалля, Ніжняга Ноўгараду, Санкт-Пецярбургу, Сібіры, Уралу, Разані ды Крыму [які таксама пазначаны як «свой рэгіён»].

Суддзі ацэньвалі трапнасць удзельнікаў у стральбе, іхныя стратэгічныя і тактычныя навыкі, фізічную і псіхалагічную вытрымку, здольнасць пераадольваць дыстанцыі, водныя перашкоды, штурмаваць вышынныя будынкі, язду на ўсюдыходзе «Чаборз».

Рамзан Кадыраў на чачэнскім усюдыходзе «Чаборз». Фота instagram.com/spetsnazpro/

Сярод дысцыплінаў быў напад на калону, штурм будынку.

Беларускія спецназаўцы на спаборніцтвах у Чачэнніі
Беларускія спецназаўцы на спаборніцтвах у Чачэнніі

Беларускія АМАПаўцы паказалі сябе ў стральбе з кулямёта, аўтамата, пісталета і снайперскай вінтоўкі.

«Турнір праведзены на высокім узроўні, у выдатных умовах… І я ўпэўнены, што кожны год мы будзем праводзіць тут цудоўныя турніры… У турніры прынялі ўдзел лепшыя каманды з Расеі ды іншых краін свету. Яны спаборнічалі ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальнасці. Байцы прадэманстравалі высокі ўзровень фізічнай і баявой падрыхтоўкі. Яны гатовыя вырашаць самыя складаныя і небяспечныя задачы, абараняючы бяспеку і спакой грамадзянаў», – цытуе Рамзана Кадырава ягоная прэс-служба.

Паўпрад прэзідэнта РФ у Паўночна-Каўказскай федэральнай акрузе Аляксандр Матоўнікаў уручае ўзнагароды беларускім спецназаўцам

Перамогаю ў Чачэніі афіцыйны сайт МУС чамусьці не пахваліўся.

У сацсетках шмат хто выказваў віншаванне «братам».

Былі і тыя, хто заўважыў, што «хутка выбары, мітынгі, будзе шмат працы».

У межах Чэмпіянату Расгвардыя сумесна з інструктарскай групай Расейскага Універсітэту Спецназу і арганізацыяй «Маладая гвардыя» правяла акцыю «Георгіеўская стужка». Удзельнікі чэмпіянату прымацавалі яе да свайго рыштунку.

Расейскі ўніверсітэт спецназу – першая і адзіная прыватная навучальная ўстанова ў Расеі для рыхтавання адмысловых падраздзяленняў. Заснаваны 1 жніўня 2013 года з прапановы Рамзана Кадырава з мэтаю перадачы досведу і ведаў у барацьбе з міжнародным тэрарызмам.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў