Штогод выданне Forbes шукае і адзначае таленавітую і перспектыўную моладзь па ўсім свеце. У 2017 годзе заўважылі і беларуску. Праваабаронца Анісія Казлюк увайшла ў спіс «Форбс 30 да 30 год» у галіне права і кіравання ў Еўропе.
Мы звязаліся з Анісіяй каб павіншаваць і даведацца, якім чынам у 21 год можна трапіць у прэстыжны спіс.
Як распавяла Анісія, яна займаецца валанцёрствам у Праваабарончым цэнтры «Вясна» ужо болей за пяць гадоў, піша скаргі ў органы ўлады, збірае перадачы для палітзняволеных.
«Падчас пратэстнай вясны-2017 я апытвала людзей, якія пацярпелі ад пераследу з боку сілавікоў. Так часта даводзілася хадзіць на чужыя вобшукі і ператрусы, што на свае не паспявала. У дадзены момант я займаюся адміністраваннем адукацыйных праграмаў.
Анісія кажа, што пачала «валанцёрыць», каб змяняць нешта ў цяперашняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі.
«Таксама гэта спосаб задаволіць сваю патрэбы «быць карыснай», – дадае дзяўчына.
Анісія звяртае ўвагу на тое, што Forbes заўважыў яе пасля артыкула на belsat.eu.
«Белсат» тады паведаміў, як мяне знялі з цягніка і адправілі мае рэчы на дэталёвы дагляд. Журналістка Forbes гэта прачытала і звязалася са мной. Я лічу, што адзнака Forbes дапаможа прыцягнуць увагу да праблемы з правамі чалавека ў Беларусі», – гаворыць Анісія.
На пытанне, чаму вядомае выданне заўважыла менавіта яе, праваабаронца адказвае:
«Магчыма, таму, што ў нас складаны рэгіён або таму, што мне толькі 21 год… А можа, таму, што мы робім крутыя штукі?»
Беларуска стала самай маладой сярод 30 асобаў з розных краін у спісе Forbes «Law and policy. 30 under 30». Акрамя спіса «Права і палітыка», у які патрапіла Анісія, бізнес-выданне таксама адзначае перспектыўную моладзь у галінах: «Мастацтва і стыль», «Спажыванне і тэхналогіі», «Адукацыя», «Фінансы», «Адукацыя», «Гульні», «Медыя», «Музыка» ды іншых.
***
Праваабарончы цэнтр «Вясна» – няўрадавая праваабарончая арганізацыя, створаная ў красавіку 1996 году падчас масавых акцыяў пратэсту дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі, якая пасля арыштаў удзельнікаў дэманстрацыяў займалася дапамогай арыштаваным і іх сем’ям. Сёння гэта рэспубліканскае аб’яднанне з цэнтрам у Менску і рэгіянальнымі арганізацыямі ў большасці буйных гарадоў Беларусі. Па ўсёй краіне колькасць сяброў Цэнтру складае каля 200 чалавек.
Ірына Арахоўская/КА, belsat.eu