Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка 12 лютага разгледзеў кадравыя пытанні. Новыя асобы занялі пасады ў амбасадах Беларусі за мяжой, а таксама прызначаныя памочнікі кіраўніка дзяржавы.
Гэтак надзвычайным і паўнамоцным паслом Беларусі ў Польшчы прызначаны Уладзімір Чушаў, паведамляе прэсавая служба Лукашэнкі.
Надзвычайным і паўнамоцным паслом Беларусі ў Каралеўстве Іспанія і па сумяшчальніцтве пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Сусветнай турыстычнай арганізацыі прызначаны Павел Пуставы.
Надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ў Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Алена Купчына будзе таксама прадстаўляць інтарэсы краіны ў Славеніі і ў АБСЕ.
Пашырана сфера адказнасці надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Венгрыі і па сумяшчальніцтве ў Босніі і Герцагавіне Аляксандра Панамарова і надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Японіі Руслана Есіна. Першы прызначаны паслом па сумяшчальніцтве ў Харватыі, другі – па сумяшчальніцтву ў Аўстраліі і Новай Зеландыі.
Віталь Прыма прызначаны памочнікам кіраўніка краіны – інспектарам па Менску.
Анатоль Маркевіч стаў памочнікам Лукашэнкі і інспектарам па Берасцейскай вобласці.
Андрэй Свірыдаў прызначаны намеснікам Кіраўніка справаў прэзідэнта Беларусі.
Лукашэнка таксама даў згоду на прызначэнне Аляксандра Мароза генеральным дырэктарам ААТ «Менскі механічны завод імя С. І. Вавілава – кіроўная кампанія холдынгу» БелОМА».
СК, belsat.eu