Андрэя Шорца – у адстаўку! Учора Аляксандр Лукашэнка з высокай трыбуны вінаваціў ужо экс-мэра Менску ў махінацыях з продажам жытла. Ужо сёння ягонае месца заняў Анатоль Сівак, які дагэтуль больш за 5 гадоў узначальваў Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі.
Хто ў доме гаспадар, ведае кот і мышы. Бо той і накорміць, і пра дабрабыт задбае. У Менску таксама ёсць гаспадар – ведаем хто?
Хто ў доме гаспадар, ведае кот і мышы. Бо той і накорміць, і пра дабрабыт задбае. У Менску таксама ёсць гаспадар – ведаем хто?
«Шорэц быў на слыху».«Шорэц, па-мойму. Шорэц».
Сёння ўлада ў сталіцы змянілася. Традыцыйна без удзелу менчукоў.
«У дэмакратычных краінах мэраў гарадоў абіраюць самыя жыхары».
Новы мэр – 56-гадовы Анатоль Сівак. Былога – Андрэя Шорца – кіраўнік краіны пагнаў, калі даведаўся пра спекуляцыю на рынку нерухомасці ў сталіцы.
«54 ці 56 кватэраў паспелі прадаць, ужо паводле рынкавага кошту. А дзе кіраўнік гарвыканкаму? Учора мною было прынята рашэнне – усіх у Следчы Ізалятар, усіх да аднаго, надзець кайданы!», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
З кайданкамі для Андрэя Шорца перадумаў. І, маўляў, знайшоў яму нейкую іншую працу. Чыноўнікам Менгарвыканкаму паабяцаў «разбор палётаў». Але гэтым ужо мае заняцца пераемнік Шорца. Стварыць новую каманду мае цягам трох тыдняў.
«Менскі выканаўчы камітэт займаецца чым заўгодна, але не развіццём горада. У бізнес улез у раздробны, пачаў розныя аб’екты аджымаць, прымусіў прыватных інвестараў да таго каб разбуралі ўжо пабудаваныя будынкі, улез у распры паміж эканамічнымі субʼектамі», – кажа Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса.
Анатоля Сівака Лукашэнка абраў перадусім за эфектыўную працу на пасадзе свайго памочніка. Хоць яшчэ нядаўна кіраўнік краіны пагражаў новаму мэру крымінальнаю справай за карупцыю ў Мінтранспарце, які той ачольваў.
«Альбо чыноўнік дадзены выправіўся, альбо ён занадта залежны і мусіць працаваць лепш чымся мінулы, бо Лукашэнка ведае, што чалавек быдзе чотка падначалены кіраўніку дзяржавы і без нейкіх там вольнасцяў строга выконваць лінію партыі», – лічыць Дзяніс Кобрусеў, кіраўнік кампаніі «ГОРАД ДЛЯ ГАРАДЖАН».
Андрэй Шорац за час працы ў сталічным выканкаме можа пахваліцца ўдалаю рэформаю мясцовага ЖКГ. Запускам у Менску службы 115 і старонкі, праз якую менчукі паведамляюць аб праблемах і сочаць за іх развязаннем.
У часы экс-мэра распачаліся Дні нацыянальных культур пры Ратушы, з’явіўся парк экстрэмальных відаў спорту і тыпавыя басейны, пачалі ўпарадкаваць вулічную рэкламу, горад адкрыўся для крамаў міжнародных сетак, а ў мясцовую вертыкаль прыйшлі маладыя энергічныя чыноўнікі. Але стае і крытыкаў…
У часы экс-мэра распачаліся Дні нацыянальных культур пры Ратушы, з’явіўся парк экстрэмальных відаў спорту і тыпавыя басейны, пачалі ўпарадкаваць вулічную рэкламу, горад адкрыўся для крамаў міжнародных сетак, а ў мясцовую вертыкаль прыйшлі маладыя энергічныя чыноўнікі. Але стае і крытыкаў…
«Гэта проста чыноўнік, які прадстаўляе адную з груповак у нашай уладзе. Яго паставілі на Менск. Я думаю што ён вельмі дрэнна спрацаваў, бо ён больш нажыў сабе ворагаў і апанентаў, не развіўшы тыя добрыя рэчы якія ў сталіцы павінныя развівацца» – кажа Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса.
Каб утрымацца каля Аляксандра Лукашэнкі – чыноўнік мае быць лаяльны. А каб і калегі з вертыкалі паважалі – часам даводзіцца рызыкаваць.
«Колькі б я не казаў, але ўвесь час накіроўваем у Следчы Ізалятар дзясятак-паўтара дзясяткі кіраўнікоў на год», адзначыў Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.
Вось толькі доўга за кратамі не затрымліваюцца. Выходзяць, сплочваюць шкоду. А часам нават вяртаюцца ва ўладныя калідоры. Людзі гэта ўсё бачаць, таму новаму мэру жадаюць:
«Быць чэсным».
«Нічога ім жадаць не буду. Як яны нам жадаюць, так і я ім пажадаю».
Юлія Цяльпук, «Белсат»