Прэзідэнт ЗША Джоў Байдэн мае неўзабаве сустрэцца са Святланаю Ціханоўскаю, працягваць дыялог з Масквою дзеля неўмяшання Расеі ва ўнутрыпалітычныя справы Беларусі, увесці персанальныя ды эканамічныя санкцыі супраць набліжаных да Лукашэнкі чыноўнікаў і бізнесоўцаў, супраць прапагандыстаў. Гэта толькі частка стратэгіі адносна Беларусі, якую напісаў для новай адміністрацыі Байдэна амерыканскі аналітычны цэнтр – Атлантычная рада. Ці азначае гэта, што беларускае пытанне трапіць у прыярытэты ЗША?
Прэзідэнт Джо Байдэн сфармаваў каманду, якая будзе вызначаць міжнародную палітыку ЗША ў наступныя 4 гады. У першыя ж дні пасля гэтага Атлантычная рада апублікавала справаздачу «Байдэн і Беларусь, стратэгія для новай адміністрацыі», праз якую адмыслоўцы раяць:
Што Джо Байдэн прыслухаецца да гэтай стратэгіі – цалкам імаверна.
Каментуе Анатоль Лябедзька, кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі дыялог», Менск:
«Байдэн адметны тым, што падчас сваёй выбарчай кампаніі прынамсі 4 разы публічна гаварыў пра Беларусь, і гаварыў ён тады рашуча. Думаю, што сённяшняя сітуацыя якраз падштурхоўвае яго да захавання такой рашучай рыторыкі пра Беларусь».
Палітолаг Вольга Харламава лічыць, што адміністрацыя Байдэна вызначыцца з палітыкаю ў дачыненні Беларусі не так хутка, як многім хацелася б.
Вольга Харламава:
«Пакуль няма амбасадара, няма магчымасці разабрацца. Прэзідэнт новы, і любому новаму дзяржаўнаму службоўцу трэба пэўны час на тое, каб атрымаць неабходную інфармацыю ды камфортна сябе адчуваць на новым месцы».
У сваёй інаўгурацыйнай прамове Джо Байдэн зазначаў, што не хоча губляць часу і змушаць – перадусім амерыканцаў – чакаць справядлівых рашэнняў.
У міжнароднай палітыцы ён адразу ж арганізаваў вяртанне ЗША ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, Сусветную арганізацыю здароўя, адмяніў будаўніцтва мексіканскай сцяны ды акрэсліў прагматычны падыход да супрацы з Масквою. Дзяржсакратар ЗША – Энтані Блінкен, а намесніца ў палітычных пытаннях – Віктор’я Нулэнд, якая падтрымлівала ўкраінскі Майдан і выступала за больш жорсткія санкцыі супраць Расеі. Кіеў задаволены.
Пітэр Залмаеў, палітолаг, Кіеў:
«Тыя чальцы каманды, якімі ён сябе атачыў, у прыватнасці Энтані Блінкен, дзяржсакратар ЗША, – гэта тыя людзі, якія разумеюць, што толькі ў складзе гэтых структураў Украіна можа запэўніць сваю бяспеку ад агрэсіі Расеі».
У Беларусі галоўны агрэсар – яе нелегітымны кіраўнік, які запаўняе турмы іншадумцамі. На гэты момант у краіне – 230 палітычных вязняў. Пратэст не згасае, хоць адбываецца не ў такой заўважнай форме, як шматтысячныя шэсці на праспектах увосень.
Паколькі Крэмль падтрымлівае нелегітымнага кіраўніка, Байдэн раней агучваў просьбу да Уладзіміра Пуціна – не падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку і пакінуць па-за геапалітыкаю пытанне выбараў лідара ў Беларусі. Палітычны аглядальнік з Расеі кажа, што з Уладзімірам Уладзіміравічам трэба дамаўляцца інакш.
Дзмітрый Травін, палітычны аглядальнік, Расея:
«Пуцін тэлефануе Байдэну ці Байдэн – Пуціну. Яны абмяркоўваюць, што адбылося ў Беларусі, пасля чаго даводзяць да ведама Лукашэнкі, што трэба рабіць так і так, бо мы дамовіліся. Пуцін гатовы гандлявацца, але Пуцін не будзе проста так рэагаваць на пажаданні амерыканскага прэзідэнта. Больш за тое: часам можа і назло зрабіць».
Прэзідэнты краінаў мелі тэлефонную размову, у якой дамовіліся падпісаць на наступныя пяць гадоў Дамову аб ядравым раззбройванні, падпісаную пры Абаму. Кіраўнік Расеі зазначыў, што супрацоўнічаць давядзецца, прынамсі дзеля падтрымання бяспекі ў свеце.
Гэта было своеасаблівым адказам на заяву Вашынгтону пра нежаданне распачынаць чарговую «перазагрузку» ў стасунках з Масквою і выстаўленне шэрагу момантаў, якімі Байдэн незадаволены: нядаўняя кібератака «SolarWinds», паведамленні пра нібыта ўзнагароджанні Расеяй амерыканскіх салдатаў у Афганістане і выкарыстанне хімічнай зброі супраць апазіцыянера Навальнага. Пра Беларусь не размаўлялі, а вось украінскае пытанне прагучала.
Украінскі палітолаг Пітэр Залмаеў:
«Той просты факт, што Украіна прагучала ў першай тэлефоннай размове паміж Байдэнам і Пуціным, сведчыць, што Байдэн будзе вельмі сур’ёзна займацца гэтым пытаннем. Не забывайце, што цягам васьмі гадоў віцэ-прэзідэнцтва пры Бараку Абаму ён быў куратарам украінскага пытання і адказным за адсочванне правядзення антыкарупцыйных рэформаў».
Увагі хоча і беларускі народ, які цярпіць ад загадаў названага Байдэнам «нелегітымным самаўладцам» кіраўніка. Спадзевы на хутчэйшы прыезд у Менск амбасадаркі ЗША Джулі Фішэр.
Вольга Харламава:
«Магчыма, нешта зменіцца, калі ў Беларусь прыедзе амерыканская амбасадарка. Але і гэта не стоадсоткавая гарантыя, што з’явіцца адмысловы дзяржаўны службоўца, які будзе адказваць за Беларусь. Могуць вырашыць, што ёсць амбасадар – і гэтага дастаткова».
Пакуль беларусы змагаюцца з рэжымам унутры краіны, каманда Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйная рада ў замежжы робяць усё большыя намаганні, каб Беларусь не знікла з парадку дня ў Еўразвязе, ААН, АБСЕ і ЗША. У сераду падчас онлайн-канферэнцыі з удзелам Святланы Ціханоўскай ды міністраў замежных справаў Францыі, Румыніі, Літвы ды Польшчы дарадца беларускай лідаркі ў міжнародных справах Франак Вячорка заявіў:
«Мы бачым, што ў размове Байдэна з Пуціным не было беларускай павесткі. Мы не ведаем, ці спадар Бурэль падыме беларускае пытанне. Давайце будзем дабівацца таго, каб Беларусь заўсёды была на павестцы».
https://redakcja.belsat.cloud/news/kiraunik-dyplamatyi-eurazvyazu-my-tsalkam-spynim-supratsu-z-rezhymam/
Візіт кіраўніка дыпламатыі Еўразвязу Жузэпа Бурэля ў Расею запланаваны ў першым тыдні лютага. У размове з міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым ён закране тэму арышту Аляксея Навальнага і пратэстаў. Меркаваны візіт ужо выклікаў пратэсты з боку палітыкаў у Польшчы ды дзяржавах Балтыі.
Юлія Цяльпук для праграмы «ПраСвет»
Калаж з фота: Mark Reinstein / Forum