Беларусь прапануе на пасаду старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Мясніковіча


29 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь прапануе на пасаду старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) кандыдатуру спікера верхняй палаты парламента, экс-прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, паведамляе president.gov.by.

«Вядома, мы думалі над тым, каго ж рэкамендаваць. Праўда, і ахвочыя былі. Але я лічу, што гэта вам пад сілу, толькі вам. Таму што ўсе кандыдатуры, якія мне давялося разглядаць, яны слабей, менш дасведчаныя, менш дыпламатычныя», – сказаў Лукашэнка на сустрэчы з Міхаілам Мясніковічам у Менску.

Раней Міхаіл Мясніковіч займаў пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі (з 1995 па 2001 гады) і кіраўніка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (у 2001 – 2010 гадах). З 2010 па 2014 год быў прэмʼер-міністрам Беларусі. У студзені 2015 года абраны старшынёй Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання, а ў кастрычніку 2016 году – пераабраны спікерам верхняй палаты шостага склікання.

Паводле віцэ-прэмʼера Ігара Петрышэнкі, у 2020 годзе Беларусь мае намер займець свайго прадстаўніка ў якасці міністра гандлю ў ЕЭК – адна з самых важных пасадаў у камісіі.

«Гэта планавая ратацыя, яна ажыццяўляецца раз у чатыры гады. Ва ўсіх краін раўнамернае размеркаванне пасад у калегіі – ад кожнай краіны па два міністры», – сказаў Петрышэнка напачатку кастрычніка.

Чыноўнік падкрэсліў, што Аляксандр Лукашэнка ўзнімаў пытанне прызначэння прадстаўніка Беларусі міністрам гандлю на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету ў Ерэване.

Цяпер ад Беларусі ў Калегіі ЕЭК працуюць міністр прамысловасці і АПК Аляксандр Субоцін і міністр па тэхнічным рэгуляванні Віктар Назаранка.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў