Беларус пра Венесуэлу: Тэлефоны на вуліцах носяць у майтках


Гэта не першыя пратэсты, якія ты здымаў. Да гэтага была Беларусь, Арменія, Малдова, Украіна, Турцыя, Ірак. Якая адметная рыса пратэстаў у Венесуэле?

Пратэсты ў Венесуэле – гэта карнавал, дзе ўсе крычаць, на сцэну выходзяць палітыкі, музыкі. Выйшлі 150-200 тысяч асобаў. Увесь горад быў заблакаваны, ніхто не працаваў.

Ці была паліцыя, як яна рэагавала?

Паліцыя была, але нічога не рабіла. Такую колькасць людзей вельмі складана разагнаць. Гэтыя пратэсты былі замоцныя, каб іх можна было здушыць.

Пратэсты ў Венесуэле нагадваюць карнавал. Фота Сяргей Марчык

Мінімальны заробак у Венесуэле складае $ 6,5 у эквіваленце. Як людзі жывуць за гэтыя грошы? Ці гэта рэальна?

$ 6,5 там зарабляюць толькі 300-600 тысячаў чалавек. Большасць зарабляе $ 10-20. Натуральна, за гэта не пражыць, таму людзі ратуюцца ўсімі магчымымі сродкамі.

Шукаюць дадатковую працу?

Вядомы факт, што Венесуэла – краіна з найбольшаю колькасцю злачынстваў. І гэта адказ на пытанне, дзе бяруць дадатковыя грошы асобы, якія афіцыйна зарабляюць $ 6,5. Вялікі ўзровень забойстваў і крадзяжоў звязаны з тым, што людзі мусяць выжываць.

Больш за 80% жыхароў Венесуэлы жывуць у беднасці і зарабляюць каля $10 у месяц. Фота Сяргей Марчык

Самая хадавая і якасная «валюта», якая не падвядзе, – турысты. Іх выкрадаюць і цягам некалькіх дзён трымаюць у багажніку. Калі размаўляеш з венесуэльцамі, то з дзесяці дзве-тры асобы кажуць, што яны раз ці два апынуліся ў багажніку, чакаючы, пакуль родныя іх не выкупяць. Найбольш высока каціруюцца турысты. Калі за мясцовага можна прасіць € 2-5 тысячаў, то турыст каштуе € 20-30 тысячаў.

Калі мы размаўлялі з героямі нашага рэпартажу з арганізацыі «Labo», то з васьмі асобаў дзве мелі досвед сядзення ў багажніках, пазней іх выкупалі бацькі. А на пытанне, ці іх калісьці абрабавалі, усе без выключэння сказалі «так»: кагосьці шэсць разоў, нехта пасля пяці перастаў лічыць, некаторыя не лічаць дробныя выпадкі.

Ці праўда, што ў Венесуэле грошы настолькі абясцэненыя, што іх прасцей змерыць на вагу, чым лічыць купюры?

Наяўныя грошы ў Венесуэле амаль ніхто не ўжывае. Нават у самым маленькім шапіку ёсць тэрмінал ці адмысловае прыкладанне для аплаты. У дзень банкамат можа выплаціць максімум $ 1. Каб пайсці на вячэру ў рэстарацыі, якая на дваіх каштуе $ 7-10, трэба было б цягам тыдня збіраць грошы з банкамату. Але ў купюрах такая сума зойме прыкладна палову лядоўні. Атрымаўшы рэшту $ 1,5, мы не ведалі, куды падзець грошы, усе кішэні былі імі набітыя. Пры такім высокім узроўні крадзяжоў мець пры сябе наяўныя не мае сэнсу. З сабой усе носяць толькі карты, а тэлефоны хаваюць у майтках. Калі нас сустрэў перакладчык, то адразу звярнуў увагу: «Чаму вы, хлопцы, трымаеце ў руках тэлефоны?!» Калі хочаш патэлефанаваць – зайдзі ў гатэль, а калі застаешся на вуліцы, мусіш схаваць яго ў майткі.

Прыхільнікаў Мадуры ў Венесуэле значна менш. Фота Сяргей Марчык

Ці былі нейкія смешныя ці, наадварот, страшныя для вас сітуацыі?

Цяпер я распавядаю з усмешкаю, але паездка была суцэльным стрэсам. Увесь час без перапынку ты думаеш пра бяспеку. Нас вельмі лёгка было адрозніць ад мясцовых. Для бандытаў ты чалавек, які прынясе ім грошы, на цябе будуць паляваць. Усе нам раілі вяртацца праз Калумбію назад.

На чацвёрты ці пяты дзень за намі пачаў сачыць мужчына. Мы яго зачапілі, ён адказаў па-англійску з выразным расейскім акцэнтам. Маўляў, ён з Расеі ды ўжо цягам месяца адпачывае ў Каракасе, а нас сустрэў выпадкова. Гэта была відавочная хлусня, бо ў Каракасе няма турыстаў, тым больш падчас пратэстаў. Уся турыстычная інфраструктура не працуе.

Што яшчэ не працуе ў Венесуэле – краіне, жыхары якой называюць яе «ружовай тыраніяй»? Якія метады знаходзіць моладзь, каб казаць праўду і змагацца са страхам, глядзіце ў новым рэпартажы «Белсату» «Краіна над прорваю. Венесуэла» (відэа вышэй).

ТП, belsat.eu

 

Стужка навінаў