Пра гэта паведаміў Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Беларусі ў Венесуэле Алег Пафераў.
«Мы збіраемся паставіць сухое малако. Падпісваем кантракт на 10 000 тонаў. Гэта немаленькая сума», – цытуе беларускага амбасадара інтэрнэт-выданне produkt.by.
5 кастрычніка кіраўнік Венесуэлы Нікалас Мадура прыляціць у Менск. У беларускай сталіцы Мадура возьме ўдзел у адкрыцці помніка Сімону Балівару (змагар за незалежнасць Лацінскай Амерыкі ад Іспаніі) у аднайменным менскім скверы.
4 кастрычніка прэзідэнт Венесуэлы і кіраўнік Расеі маюць сустрэцца ў межах міжнароднага форуму «Расейскі энергетычны тыдзень – 2017».
Імаверна, што на гэтай сустрэчы будзе абмяркоўвацца пытанне рэструктурызацыі расейскага крэдыту. Каракас мае праблемы з выплатай крэдытаў.
Апошнім часам афіцыйныя Менск і Каракас падтрымліваюць перадусім палітычныя стасункі.
Шэраг будаўнічых праектаў беларусаў у Венесуэле быў згорнуты пасля таго, як краіна сутыкнулася з глыбокім эканамічным крызісам.
Праект па дастаўцы на айчынныя НПЗ венесуэльскай нафты таксама не прынёс чаканых вынікаў. Ад самага пачатку эканамісты называлі праект стратным.
Ад пачатку года ў Венесуэле працягваюцца антыўрадавыя пратэсты. У іх загінулі не менш за 125 чалавек, у турмах па палітычных матывах утрымліваюцца больш за паўтысячы асобаў.
ЮВ, belsat.eu