Машыну перш за ўсё будуць прадаваць за мяжу – беларускае войска не можа яго сабе дазволіць.
Новы беларускі танк – глыбокая мадэрнізацыя савецкага танка Т-72 – не саступіць найноўшаму расейскаму танку Т-90, гаворыцца на старонцы Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту.
У танку мадэрнізавалі прыцэльны комплекс з цеплавізарам, узмацнілі бранявая абароненасць за кошт дадатковай дынамічнай абароны і супрацькумулятыўных экранаў.
Нашы прыцэлы на леташніх танкавых спаборніцтвах у Расеі дазволілі нашай камандзе на мадэрнізаваных у Беларусі танках Т-72БМ1 паставіць на рэкорд – 85 % трапных стрэлаў.
Імаверна, супрацькумулятыўныя экраны і дадатковая дынамічная абарона – вынік вывучэння беларускімі вайскоўцамі і інжынерамі досведу вайны на Данбасе і ў Сірыі, дзе танкі паказалі сваю ўразлівасць перад сучаснымі супрацьтанкавымі ракетнымі комплексамі.
Таксама танк атрымаў камплект датчыкаў – датчык ветру, атмасфернага ціску, нахілу, кілявой гайданкі і напрамку гарматы.
Баявая машына можа весці агонь усімі тыпамі боепрыпасаў да сваёй асноўнай зброі – 125мм пушкі – уключна з сучаснымі кіраванымі снарадамі.
Верагодна, гэта сведчыць, што нейкім чынам вырашылі праблему са старымі савецкімі аўтаматамі зараджання, якія не прымалі сучасныя боепрыпасы. Калі нашым спецыялістам атрымалася ўласнымі сіламі мадэрнізаваць гэты вузел – гэта значны поспех, з якім іх варта павіншаваць.
Таксама танк узброены буйнакаліберным кулямётам і сістэмай пастаноўкі дымавой завесы 902Б «Туча».
Сучасныя цеплавізійныя прылады могуць заўважаць на наяўнасці цяпла танкі на вялікай адлегласці нават тады, калі яны стаяць і схаваныя пад камуфляжам. У сувязі з гэтым Т-72БМЭ атрымаў убудаваны аўтаномны акумулятар, які дазваляе незаўважна сачыць за праціўнікам з засады нават пры адключаным рухавіку.
На борце танка стаіць сучасная радыёстанцыя Barret-2082 аўстралійскай вытворчасці. Апошняе, магчыма, звязанае з тым, што ў індэксе танка прысутнічае літара «Э»: машына перш за ўсё прапануецца на экспарт, а не для ўласнай арміі.
Беларуская армія адчувае недахоп сучаснай тэхнікі з-за недафінансавання – неэфектыўная эканоміка блізкая да савецкай няздольная выдаткоўваць у год больш за $ 500–700 мільёнаў на 65-тысячную армію. У той жа час суседняя Польшча выдаткуе сёлета на свае 130-тысячныя ўзброеныя сілы каля $ 10 млрд.
Аляксандр Гелагаеў