«Беларуснафта» у студзені прыпыніла экспарт нафты, якая здабываецца ў Беларусі, каб загрузіць сыравінай айчынныя НПЗ, паведамляе Reuters са спасылкай на чатыры крыніцы ў гандлёвых колах.
Беларусь традыцыйна набывае расейскую сыравіну для перапрацоўкі на сваіх заводах, а практычна ўсю ўласную нафту, якая здабываецца, адпраўляе на экспарт. Па выніках 10 месяцаў 2019 года Беларусь экспартавала 1,372 млн тонаў нафты на 601,8 млн долараў, сведчаць дадзеныя Белстат.
У 2019 годзе «Беларуснафта» правяла тэндар на продаж 1,66 мільёна тон нафты з прапампоўкай па нафтаправодзе «Дружба» у Нямеччыну або Польшчу ў 2020 годзе, піша Reuters. Паводле звестак трэйдараў, пераможцам, як і годам раней, стала гандлёвае падраздзяленне «Роснефти» Rosneft Trading, якое накіроўвае сыравіну на свой НПЗ PCK Raffinerie GmbH у Нямеччыне.
Нагадаем, з 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі сырой нафты на беларускія НПЗ, бо кіраўнікі дзяржаў не дамовіліся па коштах.
Як стала вядома, кампаніі групы «Сафмар», падкантрольнай алігарху і сябру Аляксандра Лукашэнкі Міхаілу Гуцэрыеву, пагадзіліся пастаўляць сыравіну ў Беларусь: у студзені гаворка ідзе пра 750 тысяч тон нафты.
КА belsat.eu