БАСы. Два дні музыкі, тэатру, кўізаў і тату – з бясплатнай візай


14-15 ліпеня ў лесе пад Гарадком ў 20 кіламетрах ад беларускай мяжы выступяць «Navi», «AKUTE», «Re1ikt» і «Вагоновожатые».

Фестываль музыкі маладой Беларусі «БАСовішча» ладзіцца бесперапынна ад 1990-га на тым жа месцы – на палянцы ў лесе Борык побач з мястэчкам Гарадок пад Беластокам. Гэта найстарэйшы і найбуйнейшы фестываль беларускай рок-музыкі ў свеце.

За апошнія дваццаць восем гадоў тут выступілі бадай усе культавыя беларускія калектывы – «N.R.M»., «Neuro Dubel», «Port Mone», «Ляпіс Трубяцкі», «Палац», «Троіца», «ULIS» і «Brutto».

Назва фестывалю паходзіць ад абрэвіятуры назвы арганізатараў – Беларускага аб’яднання студэнтаў (БАС), якое ад 1981-га году займаецца культурніцкай і адукацыйнай дзейнасцю ды гуртуе ў Польшчы студэнтаў беларускай нацыянальнасці.

Музычная праграма

Цягам двух дзён на «Басах» выступяць «Navi», «Re1ikt», «Vuraj», «Стары Ольса», «Дай дарогу!», «.K», «The Superbullz» ды «Manietny dvor».

Як на ўсіх папярэдніх «Басах», Сёлета фестывальную сцэну з беларусамі раздзеляць калектывы з з Польшчы («Łona, Weber & The Pimps» і «Ilo & Friends») і Украіны («Вагоновожатые») ды Сербіі («Неозбильни песимисти»).

Вакол фестывалю

На тэрыторыі фестывалю будзе працаваць вегетарыянская кухня, незлічоная колькасць бараў і пунктаў продажу піва.

На «Басах» можна будзе ўзяць удзел у інтэлектуальных гульнях на веданне беларускай гісторыі і і культуры ды наведаць лялечны спектакль «Шляхціц Завальня» паводле апавядання Яна Баршчэўскага «Чорны певень і Цмок» у выкананні гурту «Манетны двор» ці зрабіць тату у філіяле менскага салону «У Лісіцы».

Візы

Хто не мае дзейнай польскай або шэнген-візы, можа зрабіць яе да канца чэрвеня бясплатна. Падрабязнасці – тут.

Палатачны гарадок

Госці «Басовішча» могуць зняць пакой у Гарадку, а могуць спаць у намёце проста пад сцэнай. Кошт пражывання на ўвесь час фестывалю – 20 злотых ад адной асобы.

Інфармацыйнае падтрыманне ад «Белсату»

Наш канал – медыяпартнёр фестывалю.

ДД

Стужка навінаў