Дамадзедаўскі суд Масквы 22 студзеня на два месяцы арыштаваў цяжкавагавіка Аляксея Кудзіна. Ён быў затрыманы ўчора ў Маскве па запыце беларускіх уладаў.
У Беларусі Аляксей Кудзін абвінавачваецца ў нанясенні цялесных пашкоджанняў прадстаўнікам праваахоўных органаў. У Маскве ён хаваўся каля двух месяцаў, жыў у кватэры свайго сябра Руслана Абдо, дзе і быў затрыманы, паведамляе расейскі спартовы журналіст Аляксандр Люцікаў.
Чакаецца, што да 1 сакавіка будзе вырашана пытанне аб экстрадыцыі Кудзіна ў Беларусь.
Між тым TUT.by піша, што Аляксей Кудзін напісаў прашэнне аб наданні ў Расеі палітычнага прытулку.
Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці накіраваў ліст у абарону байца Аляксея Кудзіна ў Дзяржаўную думу, пракуратуру і Алімпійскі камітэт Расеі. Зварот падпісалі 322 тытулаваных і заслужаных спартоўцаў, у тым ліку прызёры Алімпійскіх гульняў.
У Беларусі Кудзіна абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу – «Супраціў працаўніку органаў унутраных справаў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак». Максімальная санкцыя – да пяці гадоў пазбаўлення волі.
МГ belsat.eu