Муж затрыманай у Горадні «БЧБ-нявесты»: «Сукенка пры ёй. Трымаецца, спявае песні»


Менская блогерка і хатняя гаспадыня Іна Зайцава стала адным з сімвалаў беларускага пратэсту. Яна выходзіла на акцыі ў вясельнай сукенцы з чырвонай паласой, нанесенай спрэем.



«БЧБ-нявеста» Іна Зайцава не раз была заўважаная на акцыях у сталіцы, а ў суботу 31 кастрычніка вырашыла падтрымаць страйкоўцаў «Горадня Азоту». У Горадню Іну павёз бацька. Затрымалі іх, калі тыя вярталіся дадому. Бацьку пасля агляду аўтамабіля адпусцілі, а Іну забралі ў Кастрычніцкі РАУС, адкуль перавезлі ў гарадзенскі ізалятар.

2 лістапада Іну павінны былі судзіць, але справу накіравалі на дапрацоўку, а жанчыну не выпусцілі. Сёння, 3 лістапада, мінае 72 гадзіны – час законнага ўтрымання пад вартай да разгляду справы судом.

Паводле Інінага мужа Андрэя Зайцава, адваката да жонкі пусцілі аднойчы, у нядзелю 1 лістапада. Іна праходзіць па адміністратыўнай справе, але што ёй інкрымінуюць, невядома. У жанчыны двое няпоўнагадовых дзяцей – 2,5 і 9 гадоў, таму яе не маюць права адправіць на содні. Аднак паводле Андрэя Зайцава, практыка апошніх дзён паказвае, што суды масава пачалі кваліфікаваць справы як крымінальныя.

Усіх дзяўчат, якія былі ў камеры з Інай, у суботу ўжо адпусцілі. Яна адзіная, хто застаўся за кратамі.

«Сукамерніцы, з якімі ўдалося пагаварыць, кажуць, што ўмовы кепскія – не было вады ў туалеце, не пускалі на шпацыр. Пітной вады не давалі содні, пакармілі толькі ў нядзелю ў абед. У камеры яны гучна спявалі песні, наглядчыкі стукалі ў дзверы і гаварылі, каб змоўклі, інакш адправяць у карцар. Але агулам дзяўчаты падбадзёрвалі адна адну. Хутчэй за ўсё, цяпер Іну пакінулі самую ў камеры, і ёй, аматарцы пагаварыць, будзе сумна. Добра, што не білі. Сукенка пры ёй, не сканфіскавалі. На шчасце, у Іны ёсць куртка».

Андрэй Зайцаў другія содні чакае на выхад Іны ў Горадні. Дзеці Зайцавых засталіся з бабуляй.

Пасля трох дзён у ізалятары Іну Зайцаву ўсё ж выпусцілі з ІЧУ

Каля 16 гадзін 3 лістапада Іну вызвалілі з ІЧУ.

Іна Зайцава выйшла на волю 3 лістапада. Фота belsat.eu

Суддзя Віталь Лабоцкі прысудзіў блогерцы штраф – 25 базавых. У пратаколе напісалі, што Іна Зайцава правяла адзіночны пікет каля будынку прадпрыемства «Горадня Азоту». Міліцыя забрала ў яе БЧБ-сукенку, як рэчавы доказ, і адмовіліся вяртаць. Таму пад курткай, у якой жанчына выйшла на волю, нічога не было.

«Звяртаюся да ўсіх неабыякавых гарадзенцаў: нясіце тым, хто сядзіць на сутках, сігарэты, гэта вельмі патрэбная рэч там. На мяне ў ІЧУ збегліся глядзець як на дзіва нейкае. Перадайце галоўнаму па міліцыі і АМАПу, няхай адпускае сваіх супрацоўнікаў у цырк адпачываць. І няхай часцей з жанчынамі камунікуюць, а то толькі з мужчынамі ўвесь час – кепска для мужчынскага здароўя», – заявіла Іна Зайцава пасля вызвалення.

Таксама мянчанка адзначыла, што збіраецца змагацца за сукенку.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў