Азербайджан пра пастаўкі нафты ў Беларусь: «Тэхнічна гэта магчыма»


Прадстаўнік азербайджанскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі SOCAR Ібрагім Ахмедаў пракаментаваў у інтэрв’ю Trend магчымасць паставак нафты ў Беларусь.

«Перамовы на гэты конт вяліся. Тэхнічна мы можам паставіць як азербайджанскую нафту, так і нафту іншых краінаў бакам, жадаючым яе купіць. Але нічога канкрэтнага пакуль на гэты конт няма», – сказаў Ахмедаў.

Раней першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Круты заявіў, што Беларусь разаслала камерцыйныя прапановы на куплю нафты ў Польшчу, краіны Балтыі, Казахстан, Азербайджан, Украіну. «Думаю, тут мы таксама хутка атрымаем альтэрнатыўныя варыянты пастаўкі канкрэтнай нафты», – распавёў ён.

  • З 1 студзеня Расея спыніла падачу нафты для НПЗ Беларусі праз тое, што Масква і Менск не заключылі новыя кантракты. Беларускія НПЗ працягвалі працаваць, але загрузка вытворчых магутнасцяў зніжаная да тэхналагічнага мінімуму. У звязку з адсутнасцю паставак нафты з Расеі з 1 студзеня Беларусь часова прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў.
  • 4 студзеня пастаўкі нафты на беларускія НПЗ аднавіліся – дамоўленасць была дасягнутая з кампаніямі алігарха Міхаіла Гуцэрыева, які сябруе з Лукашэнкам. Першая партыя закупаецца па цане, што выключае прэмію расейскім пастаўшчыкам (раней кошт паставак разлічваўся як рынкавы кошт плюс прэмія прыкладна $ 10).
  • Дамоўленасць на пастаўкі нафты на дзяржаўным узроўні дасягнуць так і не атрымалася. «У двух словах, чаму з прэзідэнтам Расеі не дамовіліся па нафце. Таму што РФ хоча, каб мы купілі ў яе нафту па цэнах, вышэйшых за сусветныя. Дзе такое бачана?! Таму я і адмовіўся ад такой нафты. І прама заявіў, калі не будзе паставак па сусветнай цане з Расеі нафты, мы знойдзем гэтую нафту ў іншым месцы. Што мы і робім. І знайшлі», – заявіў Лукашэнка.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў