Атручванне грыбамі ў Кобрыне: жонка вінаваціць памерлага мужа


Павел, Марыя і Міраслаў.
Фота: асабістая старонка ў vk.com

У Кобрыне сям’я з трох чалавек моцна атруцілася грыбамі. Жонка вінаваціць у здарэнні памерлага мужа, які, паводле яе, хацеў такім чынам не дапусціць разводу. Сваякі ж мужчыны называюць яе заявы хлуснёй.

Больш за тыдзень таму ў прыёмны пакой Кобрынскай цэнтральнай раённай больніцы самастойна звярнуліся 24-гадовы Павел, ягоная 22-гадовая жонка Марыя з 1,5-гадавалым сынам Міраславам. Паводле пацыентаў, яны елі грыбы, ад чаго ім стала кепска, паведамляе БелТА.

Мясцовае выданне kobrincity.by піша, што сям’я атруцілася бледнымі паганкамі, пераблытаўшы іх з зелянушкамі.

Аб’ектыў
«Кіпяціць без накрыўкі». Грыбнікі і лекары даюць парады аматарам грыбоў
2019.09.05 22:25

Праз некалькі дзён пасля атручвання мужчына памёр у Берасцейскай больніцы. Ягоныя жонка і дзіця знаходзяцца ў Менску ў рэанімацыі РНПЦ транспланталогіі органаў і тканак. Ім перасадзілі вантробу, стан абодвух ацэньваецца як цяжкі, паведамляе «Комсомольская правда».

«Муж атруціў і загубіў нашу сям’ю»

Пара знаходзілася ў працэсе разводу. І прайшла ўжо палову тэрміну, адведзенага ім на прымірэнне. Тым не менш, той трагічны вечар муж з жонкай правялі разам. Жанчына ў здарэнні абвінаваціла свайго памерлага мужа.

«Нам ужо лепей, жывыя! Дзякуй маім родным людзям, за клопат, у веру ў нас. Я ледзь пішу, але заўтра ў майго мужа, які атруціў і загубіў нашу сям’ю «дзень памяці». Не верце сайтам ды ілжывым звесткам», – напісала яна ў Instagram.

Як расказала маці жанчыны, менавіта муж збіраў і гатаваў грыбы, якія ён з’еў разам з жонкай. Дзіця ж пакармілі грудным малаком.

«Затым Маша з Пашам пайшлі ў клуб, а раніцай дачцэ стала так дрэнна, што яна не магла выклікаць «хуткую». Яе пастаянна ванітавала, яна нават не магла ўстаць з канапы. Паша ў гэты момант знаходзіўся побач, яму таксама было дрэнна, але лекараў ён выклікаў толькі пасля таго, як Маша сказала, што памірае», – распавяла жанчына.

Сама Марыя адзначыла ў каментары Onliner.by, што муж неаднойчы пагражаў скончыць жыццё самагубствам, калі яны расстануцца. Пагражаў забіць і сына.

Сваякі памерлага вінавацяць жонку ў хлусні

Разам з тым сястра памерлага Паўла Альбіна ў каментары belsat.eu назвала абвінавачванні ў адрас свайго брата глупствам.

«Марыя можа нагаварыць усё, што заўгодна. Такі яна чалавек, яе ведае ці не ўвесь Кобрын… Я не ведаю, якія яшчэ версіі яны прыдумае, каб сябе апраўдаць. Гэта поўная лухта», – расказала сястра.

Паводле яе, у памерлага ні ў якім разе не магло быць такіх думак, бо ён быў самы пазітыўны чалавек у сям’і.

Паводле Альбіны, Марыя ўвесь час даставала і абзывала Паўла ды ягоных сваякоў, лічыла, «што яна «каралева» і ёй роўні няма». Версію ж пра наўмыснае атручванне, лічыць яна, жонка высунула таму, што «ведае, што людзі яе загнабяць». На думку Альбіны, гэта не апошняя версія пацярпелай.

Не верыць у самагубства Паўла і ягоная была аднакласніца Марыя. Паводле яе, памерлы быў вясёлым чалавекам і максімум, што мог зрабіць, – напужаць сваю жонку. Тая ж «заўсёды сябе выстаўляе шчырай». Разам з тым суразмоўца адзначыла, што калі ў горадзе збіралі грошы на дапамогу сям’і, Маша ўсе грошы забрала сабе.

«Пашу ні капейкі не дала. Хай памірае, сказала», – адзначыла аднакласніца памерлага.

Паводле яе, жонка яшчэ да смерці мужа менавіта яго лічыла вінаватым.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў