«Кіпяціць без накрыўкі». Грыбнікі і лекары даюць парады аматарам грыбоў


Грыбны сезон у разгары. Адным ён прынёс смачны абед, а іншым атручванне. Гэтак у Кобрыне цэлая сям’я атруцілася бледнай паганкаю. Як не патрапіць у падобную сітуацыю ды як без кніг разбірацца ў грыбах – глядзіце ў рэпартажы Змітра Міцкевіча, які выйшаў у поўным выданні навінаў 5 верасня.

У Кобрыне сям’я з трох чалавек трапіла ў рэанімацыю пасля спажывання атрутных грыбоў. Сярод пацярпелых – паўтарагадовае дзіцё. Усе трое застаюцца ў цяжкім стане.

«Тое, што аб’ядноўвае атручванне ўсімі грыбамі, – так званая страўнікава-кішачная сімптаматыка. То бок чалавека пачынае ванітаваць, у яго расстройваецца стул, узнікаюць болі ў жываце. Прычым калі гэтыя сімптомы развіваюцца праз 4–6 гадзін пасля спажывання грыбоў, гэта больш грозная сітуацыя», – кажа рэаніматолаг, кандыдат медычных навук Андрэй Вітушка.

Пакуль чакаеце дапамогі, трэба піць як мага больш вады, а да таго ўжыць актываваны вугаль ці іншыя падобныя прэпараты. Таксама дактарам дапаможа, калі вы ў шпіталь возьмеце тыя грыбы, якімі, мяркуеце, атруціліся.

«У бледнай паганкі ёсць колца бледненькае на самай ножцы. І цэнтр шляпкі заўсёды светла-салатавы ў адрозненне ад зялёнкі, у якой ён цёмненькі, амаль карычневага колеру», – тлумачыць паэт, літаратар і апантаны грыбнік Сяржук Сыс.

У беларускіх лясах расце больш за 200 відаў грыбоў. Збіраць можна – каля сарака. Атрутных, якія могуць прывесці да смерці, – усяго тры.

Дзеля таго, каб адрозніць ядомыя грыбы ад неядомых, цяпер не трэба быць вялікім экспертам. І не трэба нават насіць з сабою ў лес друкаваны даведнік. Дастаткова проста ўсталяваць на мабільны тэлефон адмысловую праграму, якая гэтак і называецца: «Грыбы Беларусі».

Праграма бясплатная і вельмі простая ў карыстанні. Усе грыбы тут з фотаздымкамі ды падрабязным апісаннем, яны падзеленыя на катэгорыі, каб было лягчэй шукаць неабходныя. Цяпер кожны грыб, перш як пакласці ў кошык, можаце праверыць у гэтай праграме.

Адмыслоўцы не раяць збіраць грыбы каля аўтамабільных дарог, сметнікаў, а таксама ў межах гарадоў, паколькі такія грыбы назапашваюць у сабе шмат цяжкіх рэчываў.

«Грыбы – гэта дастаткова цяжкая ежа, гэта асобнае царства – не расліны і не жывёлы. І там даволі спецыфічныя бялкі, якія дастаткова складана пераварваюцца. Таму дзецям да трох гадоў адназначна не даюць грыбы, а можна ўжо больш-менш спакойна пасля пяці гадоў», – працягвае Андрэй Вітушка.

«Нават добра вядомыя і ядомыя грыбы я адварваю ў дзвюх водах. У першай – кіпячу хвілінаў да пяці. А ў другой – 10–15 хвілінаў, у залежнасці ад таго, якія гэта грыбы. Абавязковая ўмова – ніколі не накрываць грыбы пры кіпячэнні накрыўкай. Таму што ў кандэнсаце ёсць цяжкія рэчывы, якія зноў трапляюць у ваду і раствараюцца ў самім грыбе», – дадае Сяржук Сыс.

Затым грыбы можна смажыць, марынаваць ці гатаваць іншым чынам. А самы надзейны спосаб перапрацоўвання – сушка. Бо падчас яе з грыба выводзяцца ўсе цяжкія рэчывы і таксіны.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»