Асцярожныя ці хварэюць? Чаму закрылі жаночы праваслаўны манастыр у Горадні?


Свята-Раства-Багародзіцкі манастыр.
Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат»

У гэтыя выходныя Свята-Раства-Багародзіцкі манастыр спыніў службы для прыхаджанаў. Наяўнасць каронавіруса сёстры адмаўляюць, але некаму з манастыра раз-пораз выклікаюць хуткую дапамогу.

Пра каронавірус у манастыры «Белсату» спачатку паведаміла крыніца са святарскіх колаў, недатычная наўпрост да манастыра. Маўляў, хворых там шмат, а заразіцца яны маглі ад архіепіскапа Наваградскага і Слонімскага Гурыя – духоўніку манастыра. У самога Гурыя быў дыягназаваны каронавірус. Іншая крыніца, у сваю чаргу, паведаміла, што на працягу ўжо двух тыдняў да манастыра перыядычна ездзяць аўты хуткай дапамогі.

Медыкі ў манастыры.
Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат»

Праз сваю старонку ў інтэрнэце манастыр інфармуе, што службы будуць працягвацца толькі для сёстраў манастыра, але не для прыхаджанаў звонку. Такое рашэнне падмацоўваецца аўтарытэтам экзарха Беларусі мітрапаліта Паўла. Потым допіс: «У нашай святой мясціне ўсё спакойна».

Абвестка на ўваходзе ў манастыр.
Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат»

Аналагічная раздрукаваная абвестка вісіць і на браме ля ўваходу ў манастыр. Там карэспандэнты «Белсату» сустрэлі вартаўніка, які правёў у памяшканне, каб паразмаўляць з манашкаю. Тая адмовілася што-кольвек тлумачыць і прасіла пакінуць тэрыторыю. «Навошта вам гэта?!» – пытаецца наўздагон.

Вартаўнік на манастырскім падворку.
Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат»

Вартаўнік аказаўся больш гаваркі. Патлумачыў, што манастыр падпарадкоўваецца наўпрост мітрапаліту Паўлу, таму выконвае ягоныя загады, а не біскупа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія. Маўляў, таму і зачыніліся, хоць рэшта цэркваў у горадзе працуюць.

«Тут ёсць манашкі, якім па 80-90 гадоў, таму рызыкоўна, – тлумачыць вартаўнік, – Маскі наагул не дапамагаюць. Вірус праз вочы ідзе, а маскі носім, бо сказалі насіць. Вірусу тут няма, але меры прымаем, бо згары загадалі».

Медыкі ў манастыры.
Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат»

Як толькі журналісты пакінулі падворак манастыра, туды прыехала «хуткая». З яе выйшлі медыкі ў касцюмах хімабароны і накіраваліся ў манастыр. На спробу нешта спытаць ці самім прайсці на тэрыторыю, манашка пагражала, што выклікае міліцыю.

«У мяне адно пытанне адкрытым застаецца, – працягвае крыніца з кола святароў, – А куды пойдуць вернікі, якія хадзілі да пары на службы ў манастыр і маглі заразіцца? Правільна, у іншыя цэрквы. І матушку ігуменню, і архіепіскапа Гурыя будуць лекаваць не апошнія медыкі, я мяркую. Але застаюцца прыхаджане, часта таксама сталага веку, якія маглі заразіцца. Яны ж хадзілі і верылі… Ці акажуць ім неабходную дапамогу? Ці не атрымаецца так, што іх смерці спішуць на волю Божую?»

АК Belsat.eu

Стужка навінаў