У Беларусі наспела рэформа заканадаўства ў сферы адносін паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі, адзначыў у сваім выступе старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Іерарх 2 траўня выступіў у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з дакладам, у якім агучыў шмат пытанняў да прадстаўнікоў улады.
«Касцёл павінен мець права свабодна несці ў грамадства дух Евангелля, абвяшчаць і абараняць маральныя каштоўнасці і развіваць сацыяльнае вучэнне, каб свецкая дзяржава ўзбагачалася хрысціянскімі каштоўнасцямі», – сказаў мітрапаліт Кандрусевіч, згадваючы, што пакуль не падпісаны канкардат – пагадненне, якое рэгулюе адносіны паміж паміж дзяржавай і Каталіцкай Царквой.
Ён адзначыў, што трэба мяняць закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», «многія палажэнні якога ўжо састарэлі і не адпавядаюць часу і рэальнай сітуацыі».
У прыватнасці, іерарх згадаў, што сучаснае заканадаўства рэзка абмяжоўвае магчымасці замежных святароў, якія прыехалі ў Беларусь на кароткі тэрмін ці проста праязджаюць праз нашу краіну – яны не маюць права адпраўляць Імшу без дазволу чыноўніка, хоць па каталіцкім кананічным праве абавязаныя рабіць гэта штодня.
Таксама мітрапаліт нагадаў пра перашкоды, з якімі сустракаюцца замежныя святары, якія хочуць стала працаваць у Беларусі: «У той жа час узгадненні на працу святароў з-за мяжы даюцца не заўсёды, а калі даюцца, то апошнім часам найчасцей толькі на шэсць месяцаў або нават на тры».
Узняў іерарх і праблему вяртання будынкаў каталіцкіх бажніцаў: «Паказальнай стала гісторыя з магілёўскай катэдрай Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава. Пабудаваная католікамі ў XVIII стагоддзі, яна была канфіскавана савецкай уладай. Потым яе адрэстаўравалі за кошт Касцёла, але да сёння святыня не перададзена парафіі і магілёўскія ўлады патрабуюць плаціць арэнду за яе выкарыстанне. Дзе справядлівасць? А паслядоўнасць?»
Па меркаванні арцыбіскупа, для вырашэння такіх праблем сёння ў Беларусі патрэбны законы аб рэстытуцыі, падобна таму, якія былі прыняты ў Літве, Латвіі і Расеі.
Абурэнне самага аўтарытэтнага прадстаўніка Касцёла выклікалі дзяржаўныя ідэолагі, які патрабуюць праграму навучання Катэхізісу ў нядзельных школах і спісы дзяцей, якія іх наведваюць.
«Гэта ні што іншае, як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Касцёла і неадпаведнасць закону аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый. Якая мэта такіх патрабаванняў? Праверыць прававернасць навучання дзяцей? Дазвольце спытаць: «А суддзі хто?»», – сказаў мітрапаліт.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узняў праблему факультатыўнага навучання рэлігіі ў школах, пастырскай дапамогі ў шпіталях, турмах, у войску. Ён таксама згадаў нетактоўныя паводзіны органаў унутраных спраў – аўтазакі каля касцёлаў падчас святаў, патрабаванні ідэолагаў да іерархаў, з якіх вынікае, што ўрадоўцы не ведаюць ці не паважаюць прынцыпаў арганізацыі каталіцкіх структур.
«У сувязі з гэтым прапаную на мерапрыемствы, падобныя сённяшняму, запрашаць спецыялістаў розных веравызнанняў з мэтай павышэння кваліфікацыі таксама і ў гэтай галіне, каб нам не пісалі лістоў, якія не маюць сэнсу, і каб разам з вамі мы не займаліся паператворчасцю», – сказаў чыноўнікам мітрапаліт.
У прамове арцыбіскуп Тадэвуш адзначыў, што ў сучасным свеце Касцёл не займаецца непасрэдна палітычнай дзейнасцю, што вынікае з прынцыпа аўтаноміі рэлігіі і палітыкі, аднак займаецца выхаваннем розумаў і сэрцаў людзей у духу справядлівасці і права, што неабходна для нармальнай дзейнасці любых дзяржаўных і грамадска-палітычных структур.
«Прызнаючы аўтаномію дзяржавы, Касцёл, які з Божага ўстанаўлення з’яўляецца ахоўнікам і гарантам маральнасці, пакідае за сабой права на маральную ацэнку яе дзейнасці ў галіне захавання правоў чалавека і збаўлення душ», – сказаў іерарх.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu