Апошняя выспа СССР на Захадзе


Аскепкі СССР мы бачым у крамах, школах, выканкамах, паліклініках. Сакралізацыя савецкай улады працягваецца ўладаю дзейнаю, таму «саўком» беларуса не здзівіш. Але выспу СССР можна знайсці і на захадзе ад Бугу – у адным з польскіх санаторыяў.

Першым дзівам быў прымач. Займае на паліцы паўметра, але хвалю ловіць дагэтуль. Для большасці пастаяльцаў абслугоўванне прымача – настальгічны і рэдкі акт, бо ўдома такіх экспанатаў не трымае ніхто з апытаных мною цягам тыдня адпачывальнікаў.

Пакояў тыпу «Люкс» тут не прадугледжана. Нумар «Стандарт» – гэта 20 м на дваіх з маленечкаю прыбіральняй. З правіслай пластыкавай палічкі рэчы імкнуцца саскочыць ва ўнітаз. Бялізна сушыцца на нацягнутых «дзе было магчыма» вяроўках.

Але ж мы не ў пакоі сядзець прыехалі – наперадзе аналізы і працэдуры. Візіт да доктара прыпадае на 9:30, таму а 9:25 прыходзім да дзвярэй. Чарга – каля 20 асобаў. Паволі высвятляецца, што ўсім прызначылі на той жа час. Апроч лекаркі, якая спазняецца ўжо на 20 хвілін. Найбольш раззлаваўся 46-гадовы пан Яцэк:

«Я ў шоку ад таго што бачу. Вярнуліся ў 80-ыя, не паспеўшы ўцячы. Меркаваў што толькі будынак савецкі. Мы бывалі ў розных здраўніцах, але ў Санаторый трапілі першы і апошні раз! Не застанемся тут!»

Пазней бачу пана Яцэка з жонкаю на абедзе. Незадаволена калупае лыжкаю ў супе. Змучаная афіцыянтка коціць перад сабою каляску з алюмініевымі паліцамі: «Гэта для пані вегетарыянская дыета – на вадзе?» Пагаджаюся, і праз момант – незадаволена калупаю лыжкаю ў супе. І сапраўды, толькі на вадзе. Для ўсіх хто ясі мяса, меню з тых часоў: пюрэ, катлеты ці курыныя ногі, цёрты бурак, марынаваная гародніна, макароны, хлеб з маслам і сырам, каўбасою.

Грувасткі ліфт вязе нас на цокальны паверх, дзе сумуюць тэнісныя столікі, а па-за імі (у цёмным калідоры) шукаем цудаў – займацца рэабілітацыяй нашага арганізму маюць натхнёныя масажысты, мудрыя машыны, эфірныя алеі, марскія солі, гразі і гэтак далей! Але ж не – абсталяванне ўнутры старое, ды толькі джакузі (калі б не было на рамонце!) нагадвала пра XXI стагоддзе.

Інгалятару прынамсі 30 гадоў (даведваюся ў медсястры), гідрамасажны дыванок у ванне – ягоны таварыш. Амаль не змяніліся і памяшканні для працэдур – квадратная белая плітка перадае прывітанне са дня адкрыцця санаторыю «Цэгельскі» у мястэчку Рабка-Здруй.

У Беларусі праявы «саўка» атачаюць нас паўсюль і дагэтуль. Аднак у санаторыях такіх умоваў не сустрэнеш даўно – канкурэнцыя змусіла комплексы развівацца. Вельмі дзіўна было пабачыць савецкі пансіянат на Захадзе. У Польшчы санаторскае будаўніцтва масава разгарнулася ў 1962-1978 гадах пад кіраўніцтвам камуністычнай улады. Са зменаю палітычнага ладу ў 89-ым годзе санаторыі згубілі падтрыманне дзяржавы. Частка іх зачыніліся, некаторыя – мадэрнізаваліся ў сучасныя здраўніцы. Але некалькі дзясяткаў засталіся, як прывіды мінулага стагоддзя.

Калі беларускія санаторыі наведвае і моладзь, і сямейныя, то большая частка гасцей такога польскага санаторыю – людзі трэцяга веку. Настрой у іх выдатны, таму варункі лічым для іх прымальнымі. Хоць калі запытаць – абавязкова пачуем нараканне. Калі гэтае пакаленне адыдзе ў гісторыю, апошнія выспы камунізму на ўсходзе Еўразвязу непазбежна патонуць, бо каму яшчэ яна патрэбная – такая настальгія?

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Стужка навінаў