Апазіцыя пойдзе на парламенцкія выбары. Але адзінага спісу кандыдатаў не будзе


Лідары апазіцыйных партыяў і рухаў заяўляюць, што іх структуры будуць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 5 жніўня падпісаў указ аб прызначэнні парламенцкіх выбараў на 17 лістапада 2019 года.

Старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч у інтэрвʼю belsat.eu адзначыў, што апазіцыі варта выкарыстоўваць любую магчымасць для працы з грамадзянамі, пашырэння кола прыхільнікаў і папулярызацыі ідэі пераменаў.

Юрась Губарэвіч

«Мы атрымліваем магчымасць дэманстраваць хібы існуючай палітычнай сістэмы і прадстаўляць альтэрнатыву не толькі ў праграмах і падыходах, але і ў тварах. Нам есць што прапанаваць людзям, – кажа палітык, – Як раз выбарчыя кампаніі ствараюць тыя нешматлікія магчымасці, калі можна працаваць на вуліцы і не аплочваць пры гэтым паслугі міліцыянтаў (як вядома апошнім часам у нас практыкуецца спагнанне платы за любое вулічнае масавае мерапрыемства)».

Умовы правядзення выбараў, на думку Губарэвіча, не палепшацца, а можа нават і пагоршацца ў параўнанні з мінулымі кампаніямі – прынамсі, гэта вынікае з апошніх заяваў Лукашэнкі.

Губарэвіч распавёў, што ў правацэнтрысцкая кааліцыя, куды ўваходзяць «За Свабоду», Абʼяднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», плануе стварыць супольны спіс кандыдатаў у дэпутаты і мець супольнае пасланне на выбарах.

«Папярэднія планы – ахапіць усе 110 акругаў. Натуральна, нашыя планы будуць моцна залежыць ад таго, як улады падыдуць да рэгістрацыі кандыдатаў», – дадае лідар «За Свабоду».

Рыгор Кастусёў. Фота -narodny.org

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у размове з belsat.eu падкрэсліў: у партыі цудоўна разумеюць, што выбараў у Беларусі няма, аднак гэтую палітычную кампанію трэба выкарыстаць для працы з насельніцтвам.

21 верасня адбудзецца з’езд Партыі БНФ, дзе і будуць вылучаны кандыдаты ў дэпутаты. Цяпер ідзе фармаванне гэтага спісу.

«Нядаўна адбылося паседжанне Сойму, мы папярэдне абмяркоўвалі патэнцыйны спіс кандыдатаў. На сённяшні дзень у спісе знаходзяцца больш за 90 сябраў Партыі БНФ», – кажа палітык.

Фармаваць супольны з іншымі апазіцыйнымі партыямі спіс кандыдатаў у дэпутаты БНФ не збіраецца. Паводле Кастусёва, супраца будзе абмежаваная кампаніяй па назіранню «Права выбару».

Т. Караткевіч

Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч кажа, што кампанія «Гавары праўду» ўжо вядзе падрыхтоўку да выбараў. Сфармаваны нацыянальны выбарчы штаб «Гавары праўду», яго ўзначаліў Сяргей Вазняк.

«Мы пачалі рыхтавацца да кампаніі ўжо даўно. Мы правялі тры набору ў школу кандыдатаў. На дадзены момант мы маем трыццаць чалавек, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у выбарах», – кажа лідарка кампаніі «Гавары праўду».

Караткевіч упэўнена, што парламенцкую кампанію прыхільнікі пераменаў мусяць выкарыстоўваць.

«Альтэрнатыва сёння запатрабаваная», – кажа яна.

Караткевіч кажа, што «Гавары праўду» не плануе ствараць супольны з іншымі апазіцыйнымі партыямі і рухамі спіс кандыдатаў, але кропкавую супрацу ў пытаннях агітацыі і назірання за выбарамі не выключае.

Беларускі нацыянальны кангрэс, лідарам якога з’яўляецца Мікола Статкевіч, яшчэ 3 жніўня прыняў заяву, у адпаведнасці з якой БНК «скарыстае парламенцкую кампанію для дасягнення сваіх мэтаў». Ключавымі тэмамі кампаніі будзе патрабаванне свабодных выбараў і змены ўлады, патрабаванне годнай працы за годны заробак для беларусаў, а таксама закрыцця БелАЭС.

Рада БНК: Мы маем рэальны план пераменаўБеларускі нацыянальны кангрэс скарыстае «парламенцкую кампанію» для дасягнення…

Opublikowany przez Беларускі нацыянальны кангрэс Niedziela, 4 sierpnia 2019

Нагадаем, у Палаце прадстаўнікоў засядае 110 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў аднамандатных выбарчых акругах. Права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты маюць зарэгістраваныя палітычныя партыі, працоўныя калектывы, а таксама грамадзяне шляхам збору подпісаў.

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары