Антыядравыя актывісты: «Планаваць запуск БелАЭС у часе пандэміі – безадказна»


Распаўсюд каронавіруснай хваробы ў свеце сувора карэктуе ўсе сферы жыцця. Для кіраўніцтва Беларусі COVID-19 не ёсць падставаю ўводзіць каранцінныя захады ці змяняць планы ў будоўлі Беларускай АЭС.

8 красавіка стала вядома пра шпіталізацыю 15 расейскіх рабочых, што працуюць на будаўніцтве атамнай станцыі ў Астраўцы. За некалькі дзён да гэтага Беларуская антыядравая кампанія выпусціла заяву пра недапушчальнасць увядзення ў эксплуатацыю АЭС ва ўмовах пандэміі.

Hавiны
У 15 расейцаў, якія будуюць АЭС у Астраўцы, выявілі каронавірус
2020.04.08 11:48

«Пандэмія COVID-19 значна ўскладняе прыняцце мераў па рашэнні праблем бяспекі праекту АЭС-2006, які быў рэкамендаваны Беларусі ў выніку еўрапейскіх стрэс-тэстаў БелАЭС. А таксама, робіць немагчымым прыняцце адэкватных мераў надзвычайнага рэагавання па абароне насельніцтва (такіх, як эвакуацыя) у выпадку радыяцыйнай аварыі, уключаючы трансмежныя. Гэта звязана з мерамі ў краінах ЕЗ па барацьбе з пандэміяй – каранцінам, адменай авіярэйсаў і іншым», – зазначылі беларускія антыядравыя актывісты.

Аднак у Міністэрстве энергетыкі Беларусі зазначылі, што ў дачыненні да будаўнічых работ на Беларускай АЭС ніякіх змяненняў не прадугледжана, усё ідзе згодна плану.

«Вось толькі планаў іх ніхто не ведае. Інфармацыя нейкім чынам патрапіла з медыяў, што як быццам бы ў траўні збіраюцца запусціць першы энергаблок. І тое, гэта было ў адным месцы і вельмі цьмяна», – каментуе інфармацыю ад Мінэнерга Ірына Сухій, чалец рады грамадскага аб’яднання «Экадом».

Белаэс
БелАЭС у Астраўцы.
Фота: Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь

Паводле Ірыны Сухій, з улікам новых абставін, неабходна выклікаць грамадскі рэзананс, каб ва ўладаў не было магчымасці адмахнуцца ад гэтай сітуацыі. Пакуль жа Беларуская антыядравая кампанія чакае афіцыйнага адказу Міністэрства энергетыкі на дасланы імі ліст. Аднак эколаг спадзяецца, што ў краіне ў хуткім часе зменяць тэрміны запуску станцыі з улікам распаўсюду COVID-19.

«Сённяшняя сітуацыя прадэманстравала нам самую відавочную рызыку – 15 чалавек шпіталізаваныя. І добра, калі гэта будаўнікі, што займаюцца, напрыклад, аддзелкай будынку для персаналу. А ўявіце, калі захварэюць аператары рэактара, а рэактар ужо запушчаны. Небяспека ў тым, што некваліфікаваныя людзі будуць вымушаны займацца працай, да якой яны не падрыхтаваныя», – мяркуе Ірына Сухій.

Яшчэ адна рызыка – магчымы недахоп свабодных рук, калі ўсе сілы кінуты на барацьбу з каронавірусам.

«З любой пазаштатнай сітуацыяй справіцца будзе значна цяжэй. Ці здолее краіна мабілізаваць людзей, транспарт для эвакуацыі насельніцтва, аказання медычнай дапамогі? Ці змогуць прыйсці на дапамогу суседзі ва ўмовах нездаровай эпідэміялагічнай сітуацыі, таксама застаецца пытаннем. Планаваць запуск АЭС цяпер – безадказна з боку Беларусі!», – разважае Ірына Сухій.

У Беларускай антыядравай кампаніі ўпэўненыя, што каронавірусны перыяд лепш скарыстаць для паляпшэння праекту станцыі згодна з рэкамендацыямі, якія Беларусь атрымала падчас стрэс-тэстаў. Таксама актывісты нагадваюць, што дагэтуль не вырашана пытанне, што рабіць з адпрацаваным ядравым палівам з Беларускай АЭС.

Hавiны
Прэзідэнт Літвы абмеркаваў з Алексіевіч БелАЭС: Каб не прыйшлося пісаць «Астравецкую малітву»
2020.03.05 20:53

Хрысціна Чарняўская Belsat.eu

Стужка навінаў