У апошнім выпуску ток-шоу «Нашае жыццё» тэмай абмеркавання стала перадача «Место встречи». 29 лістапада ў ёй абмяркоўвалі ўдзел Беларусі ў праграме Ўсходняга партнёрства і еўраінтэграцыю, а Лукашэнка назвалі «гуляшчай жонкаю» ды «прастытуткаю». Вядоўцы Бялова і Норкін «праехаліся» па Беларусі і адзінаму запрошанаму беларускаму госцю Андрэю Дзмітрыеву не далі скончыць аніводнага сказу.
Вядоўца Дзмітрый Бачкоў адзначыў, што на НТВ разгарнулася сапраўдная істэрыя. Ён адзначыў, што сапраўдных зорак і экспертаў у тым шоу не было.
У «Наша жыццё» запрасілі шэраг беларускіх палітыкаў і аналітыкаў, у тым Андрэя Дзмітрыева і Рыгора Кастусёва.
«У тых умовах, я думаю, што сказаў дастаткова», – адзначыў Дзмітрыеў.
У размову ўключыўся Гайдукевіч-малодшы. Ён адзначыў, што ўсё што адбывалася на НТВ – хлусня: «Сорамна глядзець. І самае цікавае, што ўсё гэта адбывалася на фоне таго, калі Беларусь ва Усходнім партнёрстве настаяла на том, каб рэзалюцыя не была антырасейская, калі Беларусь абараняе інтарэсы свайго саюзніка. І трэба таксама ж жорстка ім адказваць».
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк таксама не стрымліваў эмоцый:
«Я лічу, што, па-першае, Міністэрства замежных справаў павінна даць ясны і канкрэтны сігнал, таму што неабходна проста папулярна растлумачыць гаспадарам вось гэтых усіх Норкіных (вядоўца НТВ – belsat.eu) і іншых, што трэба сваіх трымаць на кароткім павадку. І гэтыя людзі павінны стаць персонамі нон-грата, вось і ўсё. Яны не павінны ніколі перасякаць межы краіны».
Адзін з гасцей праграмы заўважыў, што Гайдукевіч-малодшы пачаў паводзіць сябе як прадстаўнік Расеі.
«Я не хачу, каб мы скаціліся да рэчаў, нібыта Расея наш вораг, нібыта ў нас антырасейскія настроі. Гэта бязглуздзіца. І беларусы і расейцы хочуць жыць у сяброўстве, яны саюзнікі і браты», – пачаў крычаць Гайдукевіч.
Лукашэнка пакуль не адрэагаваў на «крытыку» Норкіна і Бяловай. Газета адміністрацыі прэзідэнта «СБ-Беларусь сегодня» адказала на гэту праграму карыкатурай і невялікай заметкай, у якой параўнала расейскае тэлебачанне з псіхлячэбніцай.