Прарыў на заходнім кірунку для афіцыйнага Менску прынёс канец траўня. Аляксандр Лукашэнка – у Рыме і ў Ватыкане, Уладзімір Макей – у Бруселі. Вышэйшыя чыноўнікі ездзяць у яшчэ нядаўна закрытыя краіны і лібералізацыя выглядае не горшай, чымся тая з 2010 года. Колькі гэтым разам пратрымаецца кіраўнік Беларусі ды ці зможа штосьці выгуляць узамен сваіх невялікіх саступак?
Цяпер кіраўнік Беларусі без перашкодаў лётае ў Вечны Горад. Але спачатку было вызваленне палітвязняў – чарговае, пасля Еўразвяз зняў персанальныя санкцыі з айчынных чыноўнікаў і дыялог Менск-Брусель пачаўся ізноў. Мяч, як кажуць – на баку беларускіх уладаў і тыя дэманструюць гатовасць даць добры пас Захаду ўжо ў верасні – падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў.
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Я б папрасіў органы ўлады, каб мы падтрымалі кандыдатаў вельмі прафесійных і дасведчаных. Гэта яны будуць арганізоўваць працу і ніжняй, і верхняй палаты парламенту. Трэба на такіх кандыдатаў рабіць стаўку, а калі ім будзе патрэбнае падтрыманне, значыць трэба іх падтрымаць. Няважна да якіх палітычных плыняў яны належаць».
Лукашэнка не хавае, што ў выбарах будучых дэпутатаў парламенту, якога не прызнаюць на Захадзе, выкарыстаюць адміністратыўны рэсурс. Паводле афіцыйнага лідара, ідэальны кандыдат мусіць перадусім падтрымліваць незалежнасць нашае краіны. Такіх крытэрыяў у Лукашэнкі сабралася ажно дзесяць. Няўжо сапраўды з’явіўся шанец у памяркоўнай часткі беларускае апазіцыі і прыхільнікі «мірных пераменаў» змогуць трапіць у Палату прадстаўнікоў?
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі заўважыў: «Беларускія ўладныя прадстаўнікі абяцаюць, што двух-трох нават і пусцім – вядома не такіх, што надта ўжо ляпу расчыняюць. Ведаеце, калі і пусцяць, то гэта будуць людзі на кручку. На кручку кампрамату, спецслужбаў».
Тым не меней, падкрэслівае адмысловец – у самым Еўразвязе ёсць сілы, зацікаўленыя ў такім сцэнары, – тыя, хто паставіў свой палітычны капітал на лагодны варыянт дачыненняў з Менскам. У сваю чаргу экс-кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў нагадвае пра небяспеку стварэння падкантрольнай апазіцыі ўва ўладных структурах.
«Калі прыгадаць 2008 год, то былі такія спробы. І насамрэч гэта была здрада з боку Захаду, бо дамаўляцца з дыктатарам пра тое, хто будзе ў «палатцы» – гэта адразу тыя заходнікі, што гэта рабілі, а мы ж нават прозвішчы ведаем – яны адразу прызнаваліся, што не маюць ніякіх прынцыпаў асабіста», – заўважыў экс-кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў.
Пры гэтым, нягледзячы на пацяпленне стасункаў з Захадам, Менск не забываецца нагадваць – хто застаецца ягоным галоўным хаўруснікам і тлумачыць новы вектар беларускае палітыкі.
Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей падкрэсліваў: «Мы ніколі не будзем выбудоўваць нашыя дачыненні з тою ці іншаю дзяржавай, ці з тою ці іншай інтэграцыйнаю структурай на шкоду нашым традыцыйным хаўруснікам, скажам так, або за кошт нашых традыцыйных хаўруснікаў. Мы заўсёды прытрымліваліся нашых абавязкаў у межах АДКБ, у межах Еўразійскай эканамічнай прасторы, а тым болей – у межах Саюзнае дзяржавы».
Дык што рабіць дэмакратычным сілам, якія, нягледзячы на цэлы шэраг міжсобных абʼяднанняў, гэтак і не вызначыліся з адзіным спісам кандыдатаў? Байкатаваць, ці ўсё ж такі гуляцца ў выбары паводле новых правілаў?
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі мяркуе: «Калі рэжым уцягваецца ў нейкія гульні ды ўскладняе правілы правядзення гэтай кампаніі, гэта яго напружвае і дае ўсё ж такі невялічкае акенца магчымасцяў і для апанентаў рэжыму. Таму нельга гэтым грэбаваць, трэба чапляцца за любыя магчымасці і трэба кожную кампанію выкарыстоўваць дзеля пашырэння свайго ўплыву».
Паводле адмыслоўца, вада камень точыць і любыя, хоць бы і мінімальныя саступкі ўладаў варта выкарыстоўваць. А Андрэй Саннікаў трымаецца куды больш песімістычна. Паводле палітыка, у Бруселі ізноў могуць жорстка расчаравацца ў Менску.
«Беларусь зʼяўляецца такой мадэллю для пуцінскай Расеі, і шмат чаго адпрацоўваецца менавіта ў Беларусі, што потым выкарыстоўваецца ў Расеі. Дык вось, і зняцце санкцыяў – гэта адпрацоўка таго, што Расея імкнецца дасягнуць у бліжэйшы час», – заўважыў экс-кандыдат на прэзідэнцтва Андрэй Саннікаў.
І сапраўды – адмена беларускіх санкцыяў пачалася з вызвалення палітвязняў. Крамлю, калі там хочуць таго ж – таксама трэба з чагосьці пачынаць. Днямі ж Украіне перадалі зняволеную ў Расеі лётчыцу Надзею Саўчанку.
Праграма «ПраСвет» выходзіць у пятніцы а 21:40. Тэмы апошняга выдання: што Лукашэнка можа выйграць узамен за невялікія саступкі; каму на самой справе патрэбная адліга паміж Беларуссю і Захадам; амерыканцы з курдскімі шаўронамі атакуюць сталіцу «Ісламскай дзяржавы», прычым тут Турцыя; Аўстрыя – ультраправыя прайгралі, краіна засталася падзеленай;
«кіно ў Беларусі няма», інтэрвʼю з Ксеніяй Ёрш, беларускай з Лос-Анджэлесу, рэжысёркаю фільму «Каханне ў порна».
УШ, belsat.eu