Андрэй Дзмітрыеў у Віцебску: Здымацца на карысць Ціханоўскай не збіраюся


У межах агітацыйнай кампаніі 19 ліпеня Віцебск наведаў кандыдат на прэзідэнцтва Андрэй Дзмітрыеў. Сустрэча з выбарцамі прайшла ў актавай зале Віцебскай абласной бібліятэкі. Ажыятажу не было: задаць пытанні кандыдату прыйшлі як максімум 40 чалавек – з улікам журналістаў і праваабаронцаў.

Фота Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

На пачатку выступу Андрэй Дзмітрыеў згадаў, што Віцебск зусім нядаўна быў эпіцэнтрам захворванняў на каронавірус. На думку палітыка, акурат барацьба з COVID-19 адыграла вызначальную ролю ў аб’яднанні беларусаў.

«Гэта быў подзвіг. І я вельмі спадзяюся, што 9 жніўня беларусы гэты подзвіг паўтораць», – заявіў Дзмітрыеў.

Электаральную кампанію 2020 году ён назваў «кампаніяй салідарнасці» і прэзентаваў слухачам «10 першых крокаў Андрэя Дзмітрыева». Крок №1, які мае зрабіць Дзмітрыеў, – гэта «сфармаваць пераходны ўрад разам з альтэрнатыўнымі кандыдатамі ў прэзідэнты і правесці прэзідэнцкія выбары з новым складам цэнтральнай і ўчастковых выбарчых камісіяў».

Фота Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Адкуль 100 тысяч подпісаў?

Амаль адразу пасля ўступнай прамовы сустаршыня арганізацыі «Гавары праўду» атрымаў пытанне ў лоб.

«Скажыце ж нарэшце праўду, спадар Андрэй, адкуль у вас 100 тысяч подпісаў назбіралася? Бо мы ў Віцебску зусім не бачылі вашых пікетаў!» – звярнулася да кандыдата віцебская актывістка Таццяна Севярынец.

«Ведаеце, я, маючы другую па колькасці ініцыятыўную групу, хацеў бы запытацца: чаму мы сабралі так мала? Толькі 107 тысяч. Мы рабілі стаўку на зборы «ад дзвярэй да дзвярэй», а не на пікеты. І таму я спакойны за свае подпісы, і я ведаю, што за мной стаяць гэтыя людзі», – адказаў Дзмітрыеў.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

З Ціханоўскай гатовы каардынавацца

На пытанне, ці збіраецца далучацца да штабу Ціханоўскай, Дзмітрыеў заявіў, што раней падтрымаў аб’яднанне кандыдатаў, а цяпер гатовы каардынаваць са Святланай Ціханоўскай свае дзеянні.

«Калі ласка, мы гатовыя да каардынавання. Больш за тое, мне падаецца, што ёсць дата, якая мусіць быць агульнай для нас усіх – гэта 27 ліпеня, 30 год са дня абвяшчэння суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Думаю, што нам варта рабіць нейкі супольны мітынг ці супольныя пікеты па ўсёй Беларусі. Разам! Каб сказаць, што ёсць тэма, якая нас усіх аб’ядноўвае», – прапанаваў Андрэй Дзмітрыеў.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Байкот ці галасаванне?

«Дакладна – галасаванне! І назіранне», – заявіў Дзмітрыеў. І дадаў, штоо індыкатарам таго, што беларускае грамадства сапраўды хоча пераменаў, будзе колькасць людзей, якія запішуцца назіральнікамі на выбарах.

«Калі гэта будзе тысяча-паўтары, як раней, то гэта будзе азначаць, што беларусы палічылі дастатковым стаць у чаргу і паставіць подпіс. Але гэтага недастаткова! Вельмі дзіўна думаць, што дыктатура якая будавала сябе 26 гадоў, спужаецца пэўнай чаргі. Яе адказ – хлопцы з надпісам АМАП на спіне…», – сказаў Дзмітрыеў.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Здымацца з выбараў не збіраецца

Андрэй Дзмітрыеў заявіў у Віцебску, што будзе правільна весці сваю кампанію да канца.

«Задача на сёння – максімальная мабілізацыя беларусаў. Таму што 9 жніўня выбараў у Беларусі не будзе – будзе змаганне за справядлівыя выбары. І чым больш людзей прыйдзе, чым больш стануць назіральнікамі – тым больш у нас шанцаў, што праз гэты дзень мы прыйдзем да новага прэзідэнта. А ўжо хто гэта будзе – пабачым», – запэўніў Дзмітрыеў.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Ён мяркуе, што такім чынам можна дамагчыся другога туру выбараў або прыйсці да сітуацыі, калі можна будзе казаць пра пераходны ўрад.

«Але яшчэ раз кажу: першыя сумленныя выбары ў Беларусі адбудуцца не 9 жніўня, а праз год, калі гэта будзе падрыхтавана. 9 жніўня мы можам атрымаць новага прэзідэнта, бо камісіі проста зламаліся і адмовіліся ад фальсіфікацыяў, а людзі не пагадзіліся з гэтым. Бо тое, што агучыць Лідзія Міхайлаўна [Лідзія Ярмошына, кіраўнік ЦВК. – Belsat.eu], я думаю, ні ў кога не выклікае сумненняў», – мяркуе кандыдат у прэзідэнты.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

«Застануся з Лукашэнкам? Тады здымацца – яму!»

«І хацеў сказаць наконт Ціханоўскай: пабачым яшчэ, хто дойдзе да бюлетэня галасавання. Бо я не ўпэўнены, што дойдзе яна ці дайду я. Не ўпэўнены, што не застанецца вельмі просты выбар: Лукашэнка і Канапацкая [Ганна Канапацкая, кандыдатка ў прэзідэнты. – Belsat.eu]. Ці здымуся, калі застануся сам-насам з Лукашэнкам? Тады ўжо – здымацца яму», – заявіў Дзмітрыеў.

Чаму прыехаў без жонкі?

Апошнім пытаннем было, чаму ўдзельнік сёлетняй, такой «сямейнай» выбарчай кампаніі прыехаў у Віцебск без жонкі?

«Жонка ўзяла на сябе клопаты пра дзяцей, удома іх адных не пакінеш. І гэта найвялікшая падтрымка, якую яна мне зараз аказвае. Яна дала мне час займацца палітыкай і цалкам мяне падтрымлівае. Ведаеце, у яе нават больш радыкальныя погляды на сітуацыю. Больш, можа, рэалістычныя, чым у мяне, калі шчыра», – прызнаўся палітык.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

На развітанне з віцяблянамі Дзмітрыеў заклікаў верыць у перамогу і быць салідарнымі. На выхадзе раздаваў чыстыя паштоўкі, каб кожны ўдзельнік сустрэчы накіраваў іх людзям, якія зараз знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах.

Сустрэча з Андрэем Дзмітрыевым працягвалася адну гадзіну, хоць планавалася на дзве. Паводле даверанай асобы палітыка, час скарацілі праз нейкія непаразуменні ў абласной камісіі па выбарах.

Зміцер Казакевіч, фота Вячаслава Лазарава Belsat.eu

Стужка навінаў