Амбасада Беларусі трапіла ў карупцыйны скандал у Арменіі


Амбасада Беларусі можа быць датычная да адмывання грошаў у Арменіі. Пра гэта паведамляе мясцовае выданне «Платформа праверкі фактаў».

Аляксандр Лукашэнка і Гагік Царукян. Фота: president.gov.by

Беларуская амбасада – адзінае пасольства, якое знаходзіцца за межамі Ерэвана. Яна пераехала са сталіцы краіны ў вёску Арындж ў 2014 годзе, на ўчастак, што прылягае да маёнтку лідара партыі «Квітнеючая Арменія», буйного прадпрымальніка Гагіка Царукяна.

Зямельны ўчастак і будынак Беларусь набыла ў Жэвіка Мкртчана, які на той момант узначальваў Армяна-беларускі гандлёвы дом «Ар-Бе». 55% акцый гэтай кампаніі належаць канцэрну Царукяна ТАА «Мульты Груп», астатняя частка – чатыром беларускім кампаніям канцэрну «Белдзяржхарчпрам». То бок урад Беларусі заплаціў грошы за нерухомасць прадстаўніку звязанага з ім канцэрна.

Больш за тое, у траўні 2014 года агульны кадастравы кошт участка і будынкаў быў ацэнены прыкладна ў $ 95 000. Але ў адпаведнасці з дамовай ад 24 ліпеня 2014 года паміж Мкртчанам і Беларуссю, беларускі бок заплаціў за нерухомасць каля $ 2 млн, ці ў 20 разоў больш за кадастравы кошт. Незалежны эксперт ацаніў дом і зямлю ў максімум $ 450 000, ці ў чатыры разы менш за выдаткаваныя сродкі.

Пратэсты ў Арменіі працягваюцца. На чыім баку сябра Лукашэнкі?

Што датычыць Гагіка Царукяна, з домам якога мяжуе беларуская амбасада, то ён з’яўляецца сябрам кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнка, які неаднаразова сустракаўся з ім у Арменіі і нават прысутнічаў на асвячэнні царквы, пабудаванай на грошы алігарха. У верасні 2013 года Царукян быў узнагароджаны беларускім ордэнам Дружбы народаў, а ў кастрычніку 2016 года ён ужо сам падарыў 12-гадоваму Мікалаю Лукашэнку чатырох белых ільвятаў.

У 2012 годзе Ерэванскі каньячна-вінна-гарэлачны камбінат «Арарат» Гагіка Царукяна і дзяржаўнае прадпрыемства «Беларусгандаль» заснавалі ў Менску ТАА «Армянскі стандарт».

У амбасадзе Беларусі адмовіліся каментаваць прычыны і абставіны пакупкі ўчастку па суседстве з армянскім бізнесоўцам. Мясцовыя журналісты мяркуюць, што гаворка можа ісці пра «класічнае» адмыванне грошай.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары