Амаль каранцін? Рэгіёны ўводзяць абмежаванні ў сувязі з каронавірусам


Рэгіёны ўводзяць абмежаванні з-за каронавірусу, якіх не было ў першую хвалю. У адных гарадах пачынае дзейнічаць масачны рэжым, а ў іншых адмяняюць масавыя імпрэзы і абмяжоўваць працу гастраноміі. Але цямнай і адкрытай палітыкі датычна пандэміі ад Міністэрства аховы здароўя па ўсёй краіне дагэтуль няма.

Наведнікі гіпермаркетаў усё часцей у масках. Персанал – у абавязковым парадку. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Адмена імпрэзаў і абмежаванне працы гастраноміі па часе

Ад 10 лістапада да 10 снежня ў Берасці ўводзяць лёгкую форму каранціну. Праз COVID-19 у горадзе абмяжоўваюцца ў часе працы бары, кавярні, рэстарацыі, боўлінг, адмяняюцца масавыя мерапрыемствы ў памяшканнях (выставы, дэгустацыі, рэкламныя акцыі і г.д).

Мэр гораду Аляксандр Рагачук заклікае насіць маскі пры наведванні розных аб’ектаў і арганізацыяў, а таксама ў грамадскім транспарце.

«Мінімізуйце колькасць кантактаў і прытрымлівайцеся правілаў дыстанцыявання», – піша ён у сваім Telegram-канале.

У Берасці ад 10 лістапада ў сувязі з пандэміяй уводзяць абмежаванні.
Фота: Telegram-канал Аляксандра Рагачука

Пакуль невядома, ці гэтыя абмежаванні будуць датычыцца ўсёй вобласці. Аднак у Баранавічах таксама ўвялі абавязковую сацыяльную дыстанцыю і масачны рэжым.

На старонцы Баранавіцкага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі 8 лістапада зʼявілася абвестка, у якой жыхароў гораду заклікаюць насіць маскі ва ўсіх выпадках, калі няма магчымасці забяспечыць сацыяльную дыстанцыю. Адзначаецца, што калі ў кліента не будзе маскі, яго або яе могуць папрасіць пакінуць памяшканне і адмовіцца абслугоўваць.

Таксама медыкі заклікаюць мыць рукі мылам або апрацоўваць антысептыкам ды насіць пальчаткі.

Масачны рэжым у Магілёўскай вобласці

Магілёў стаў піянерам масачнага рэжыму ў Беларусі. Гарвыканкам ужо 5 лістапада абавязаў гаражан насіць маскі ў закрытых памяшканнях: банках, крамах, гандлёвых цэнтрах, аптэках, паліклініках і шпіталях, грамадскім транспарце ды ўсіх іншых месцах, дзе складана прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі.

У Бабруйску ад 9 лістапада ўведзены абавязковы масачны рэжым. На старонцы гарвыканкаму ўказана, што ў аптэках, крамах, у аддзяленняў банкаў, пошты, сувязі ды грамадскім транспарце наведнікі мусяць быць у масках.

«Просім прытрымлівацца захадаў прафілактыкі», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Машына хуткай дапамогі ля «Цэнтральнага» на галоўным праспекце сталіцы.
Фота: «Белсат»

Ад 9 лістападу ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці ўведзены масачны рэжым. Закрываць рот і нос трэба ў крамах, кавярнях і рэстарацыях, аптэках, установах аховы здароўя і адукацыі, у адміністрацыйных будынках і іншых грамадскіх месцах.

Таксама ў вобласці скарачаецца колькасць мерапрыемстваў і імпрэзаў. Усе нарады, канферэнцыі і перамовы будуць праходзіць у онлайн-рэжыме.

Такія рашэнні прынятыя праз «невыкананнем жыхарамі рэгіёну сацыяльнай дыстанцыі, а таксама грэбаваннем сродкамі індывідуальнай абароны ў месцах збору людзей», паведамляе Гомельскі аблвыканкам.

Захады бяспекі на Гарадзеншчыне

У Лідзе, як і ў Магілёве, ужо 5 лістапада ўвялі масачны рэжым. Зараз у крамы, транспарт і іншыя грамадскія месцы можна будзе ўвайсці толькі прытрымліваючыся сацыяльнай дыстанцыі і закрываючы нос і рот. Прычым на старонцы Лідскага гарвыканкаму ёсць удакладненне – пакупніку могуць адмовіць у абслугоўванні, калі ён не будзе насіць маску.

У афіцыйным паведамленні падкрэсліваецца, што масачны рэжым – часовы, але неабходны захад. Перадусім, каб зэканоміць бюджэтныя сродкі.

«У Лідзе на аднаго хворага ў дзень выдаткоўваецца Br 174 ў інфекцыйным аддзяленні, а ў рэанімацыі – Br 828. Гэта кошт з улікам выдаткаў на медыкаменты, заробак, харчаванне і ўсе бягучыя выдаткі, уключаючы абслугоўванне абсталявання», – гаворыцца на старонцы гарвыканкаму.

Прыёмнае аддзяленне адной са сталічных медустановаў.
Фота: «Белсат»

Паводле афіцыйных звестак, зараз у Лідскай лякарні знаходзіцца 350 чалавек з пнеўманіямі, асацыяванымі з COVID-19.

Пачынаючы ад 9 лістапада вучні гарадзенскіх школаў, старэйшыя за 14 год, мусяць насіць маскі, паведамляе «Вечерний Гродно».

Галоўная лекарка Горадні і Гарадзенскага раёну Яніна Шарэнда кажа, што ў школу дзіцяці трэба даць некалькі масак і прыгадаць мяняць іх кожныя дзве гадзіны. А па вяртанні дадому шматразовыя маскі абавязкова пасціраць з гаспадарчым мылам, высушыць, пагладзіць і скласці на наступны дзень.

Калі дзіця забудзе маску, на заняткі яго пусцяць, але бацькам будзе рэкамендавана забяспечыць дзіця неабходнай колькасцю масак.

У Полацку і ў Полацкім раёне першымі ў Віцебскай вобласці ўводзіцца масачны рэжым. Мэр гораду Ігар Марковіч заклікае насіць маскі ва ўсіх грамадскіх месцах: крамах, банках, транспарце, установах аховы здароўя, адміністрацыйных будынках і іншых.

Як і ў Гомельскай вобласці, у Полацку будзе зменшаная колькасць офлайн канферэнцыяў і нарад.

Нарады па каронавірусу – без масак

Губернатар Гомельскай вобласці Генадзь Салавей, які ў 9 лістапада абвясціў аб абавязковым масачным рэжыме ў вобласці, праз пару гадзінаў паехаў на рэгіянальны форум, дзе абмяркоўваліся змены ў Канстытуцыі. На здымках, якія апублікавала мясцовая газета «Маяк», бачна, што толькі пара асобаў прысутных носіць маскі, нягледзячы на ўведзеныя абмежаванні.

Нарада ў Гомельскай вобласці па канстытуцыйнай рэформе. Фота: sozhnews.by
Нарада ў Гомельскай вобласці па канстытуцыйнай рэформе. Фота: sozhnews.by

А 5 лістапада Аляксандр Лукашэнка праводзіў нараду па змаганні з COVID-19. На здымках з сустрэчы бачна, што прысутныя чыноўнікі сядзяць даволі шчыльна, не прытрымліваюцца сацыяльнай дыстанцыі і не носяць маскі.

Нарада па каронавірусу, якую праводзіць Лукашэнка. Усе прысутныя — без масак.
Фота: president.gov.by

Каронавірус у Беларусі

  • Паводле звестак Мінздароўя, у Беларусі на 10 лістапада было зарэгістравана 108 300 пацыентаў з COVID-19. Ачуняла – 91 646 пацыентаў. Загінула 1016 пацыентаў.
  • Самы вялікі прырост адбыўся з 9 на 10 лістапада – ведамства зафіксавала 1 038 новых выпадкаў.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў