Алег Сянцоў хоча зняць пяць фільмаў за пяць гадоў


Алег Сянцоў падчас дыскусіі напярэдадні Украінскага кінафестывалю ў Варшаве. 22 кастрычніка 2019 года. Фота – Attila Husejnow / Zuma Press / Forum

Украінскі рэжысёр, які правёў пяць гадоў у расейскай няволі, падчас візіту ў Варшаву распавёў, што наступную стужку ён прысвеціць шалёным 90-м – і чалавеку ў тыя часы. Belsat.eu схадзіў на сустрэчу з рэжысёрам.

«Спадзяюся, што наступнай восенню, праз год, распачну здымкі фільму «Насарог». Ён будзе пра шалёныя 90-я, пра крымінальную мафію, але ў цэнтры будзе чалавек. За апошнія пяць гадоў я зразумеў, што гэтая тэма не перастала мяне цікавіць, і я хачу зрабіць фільм пра гэта», – распавёў Алег Сянцоў падчас сустрэчы з кінематаграфістамі і гледачамі ў варшаўскім кінатэатры «Муранаў».

Паводле рэжысёра, цяпер ува Украіне з’явілася больш магчымасцяў – здымаць стала лягчэй.

Сянцоў прызнаўся, што апроч «Насарога» мае яшчэ чатыры сцэнары: адзін быў напісаны перад турмой, тры паўсталі ў турме.

«То бок, у мяне пяць гатовых сцэнароў – і я гатовы здымаць. План у мяне вельмі просты: пяць фільмаў за пяць гадоў», – дадаў Сянцоў.

Паводле рэжысёра, у турме ён таксама напісаў аповесць, у якой апісаў, што адбывалася з ім падчас галадавання.

«У мяне не было выбару, [як толькі пісаць] – хаця пісаць у турме не забаронена. Нельга пісаць толькі пра турму, але я гэта рабіў. Прычым [пісаў] такую праўду, якая ім не спадабаецца. Удалося мне гэта дзякуючы майму почырку: людзі вар’яцеюць, калі спрабуюць расшыфраваць яго. Асобы, якія працуюць у турме, увогуле не любяць чытаць – яны бачылі нешта незразумелае і махалі рукой», – сказаў Сянцоў.

Жыхары Варшавы вітаюць у кінатэатры «Муранаў» былога палітвязня, рэжысёра Алега Сянцова падчас ягонага візіту ў сталіцу Польшчы. 22 кастрычніка 2019 года. Фота – Дзяніс Дзюба / «Белсат»

Паводле творцы, для яго не было вялікае розніцы, дзе пісаць: у турме было нават зручней, бо там было больш свабоднага часу.

«Там няма нічога, але часу хапае», – дадаў ён.

У аўторак распачаўся візіт Сянцова ў Польшчу. Рэжысёр правядзе некалькі дзён у Варшаве, пасля наведае Торунь і Гданьск.

22 кастрычніка Польская кінаакадэміі ўручыла Алегу Сянцову «Спецыяльнага Арла» «за мужнасць і непахіснасць».

Старшыня Польскай кінаакадэміі Дарыюш Яблоньскі ўручае Алегу Сянцову «Спецыяльнага Арла» «за мужнасць і непахіснасць». 22 кастрычніка 2019 года. Фота – Дзяніс Дзюба / «Белсат»

Рэжысёр і грамадскі актывіст Алег Сянцоў апошнія пяць гадоў быў адным з самых вядомых палітвязняў свету і самым вядомым украінскім вязням у Расеі.

Творца стаў вядомым пасля выхаду ў 2012 годзе дэбютнага фільму «Гамер» пра камп’ютарнага гульца з Сімферопалю.

У 2014 годзе Сянцоў выйшаў на пратэст супраць далучэння Крыму да Расеі, пасля чаго ФСБ затрымала яго па падазрэнні ў тэрарызме. Пазней рэжысёра перавезлі ў следчы ізалятар у Ляфортава ў Маскве.

Расейскі суд прызнаў яго вінаватым у нібыта стварэнні тэрарыстычнай арганізацыі і кіраванні ёю, двух тэрарыстычных актах і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракту, спробы набыцця выбуховых прыладаў, незаконным захоўванні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў арганізаванай групай. Рэжысёра асудзілі на 20 гадоў калоніі.

Пільна!
Алег Сянцоў спыніў галадоўку. Ён не еў 145 дзён
2018.10.05 10:41

7 верасня 2019 года рэжысёр вярнуўся на радзіму ў межах абмену палоннымі паміж Масквой і Кіевам.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў