Алег Сянцоў спыніў галадоўку. Ён не еў 145 дзён


Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, які цяпер у зняволенні ў расейскай турме, спыніў галадоўку. Агулам без ежы Сянцоў пратрымаўся 145 дзён.

Пра рашэнне Алега Сянцова спыніць галадоўку паведаміў намеснік дырэктара Федэральнай службы выканання пакаранняў Валерый Максіменка.

«Найлепшыя дыетолагі Масквы распрацавалі для яго адмысловую дыету для вываду яго з галадоўкі», – сказаў Максіменка.

Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, асуджаны на 20 гадоў турэмнага зняволення паводле абвінавачання ў тэрарызме, абвясціў галадоўку ў сярэдзіне траўня.

Гісторыя пераследу Сянцова

Алег Сянцоў быў затрыманы і ў жніўні 2015 году асуджаны за нібыта арганізацыю тэрарыстычнай супольнасці. Суд у Расеі палічыў, што Сянцоў разам з актывістам Кольчанкам ініцыявалі падпалы офісаў арганізацыяў «Расейская абшчына Крыму» і офісу «Адзіная Расея» у Сімферопалі. За гэта Сянцову было прысуджана 20 гадоў калоніі строгага рэжыму, Кольчанку – 10 гадоў турмы.

Асуджаныя лічаць справу палітычна матываванай, а доказы – сфальсіфікаванымі следствам. Сянцоў сцвярджаў, што яго пасля арышту збівалі і катавалі працаўнікі ФСБ, дамагаючыся прызнаня віны.

14 траўня 2018 года рэжысёр абвясціў бестэрміновую галадоўку, патрабуючы вызвалення ўсіх украінскіх палітвязняў з расейскіх турмаў – 64 чалавекі. Алег Сянцоў галадаў 145 дзён – гэта беспрэцэдэнтны выпадак у найноўшай гісторыі расейскіх турмаў.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў