Ад «спойлераў» да рэальных канкурэнтаў. Хто і з чым дайшоў да фіналу збору подпісаў?


З 15 патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнты да этапу здачы сабраных подпісаў за іх вылучэнне дайшлі 11. Не ўсе з іх маюць неабходныя сто тысяч, хтосьці наагул не збіраецца здаваць падпісныя лісты ў ЦВК. Belsat.eu распавядае, чые кампаніі былі найбольш яскравымі і што атрымалася ў выніку.

У траўні ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных групаў, пасля чаго тыя распачалі збор подпісаў за вылучэнне сваіх кандыдатаў. У гэтым спісе аказаліся як ужо вядомыя персаналіі і тыя, каго лічаць «спойлерамі», так і навічкі ў палітыцы.

Пакуль вакол некаторых патэнцыйных кандыдатаў разгортваліся драматычныя падзеі, якія выводзілі тысячы чалавек на вуліцы, іншыя знялі свае кандыдатуры самі.

Аляксандр Лукашэнка

лукашэнка
Фота: president.gov.by

У ініцыятыўную групу №1 увайшло больш за 11 тысяч чалавек. Збор подпісаў за Лукашэнку традыцыйна вялі праўладныя БРСМ і «Белая Русь» і дзяржаўныя прафсаюзы – у асноўным, сярод бюджэтнікаў. Збіралі подпісы і па кватэрах.

Першыя тыдні кампаніі ў гарадах Беларусі немагчыма было знайсці пікет за Лукашэнку. «Белая Русь» прапаноўвала пакінуць подпіс у «грамадскіх прыёмных», але тыя не карысталіся папулярнасцю. Пасля таго, як да пікетаў альтэрнатыўных кандыдатаў пачалі выстройвацца кіламетровыя чэргі, улады сабралі ў Менску тыя ж БРСМ, «Белую Русь» і ФПБ. На іхным супольным пікеце людзі агрэсіўна паводзілі сябе з журналістамі, а потым цэнтралізавана з’ехалі на аўтобусах. Пазней падобны пікет адбыўся ў Горадні.

12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што сабраў 1, 5 млн подпісаў.

«Спойлеры»: Алег Гайдукевіч і Наталля Кісель

Фота з Facebook’у Алега Гайдукевіча

Кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў (насамрэч катэгарычна праўладнай), Гайдукевіч-малодшы паўтарае шлях свайго бацькі Сяргея Гайдукевіча, які перадаў яму ў спадчыну ролю спойлера на выбарах.

26 траўня Гайдукевіч раптоўна зняўся з выбараў. Ён заявіў, што сабраў 30 тысяч галасоў і перадае іх у штаб дзейнага кіраўніка дзяржавы, назваўшы Лукашэнку «адзіным гарантам адзінства краіны». Паводле яго, усе іншыя кандыдаты выступаюць за злом, рэвалюцыю і кроў.

«Я заклікаю ўсіх пайсці на выбары і прагаласаваць за дзейнага прэзідэнта […] Я не магу быць прастытуткай, я буду адстойваць свае перакананні», – дадаў ён, выклікаўшы шквал жартаў у сацсетках.

Наталля Кісель. Фота прадстаўлена Наталляй

Прадпрымальніца Наталля Кісель сцвярджала, што набрала больш за 100 тысяч подпісаў. Калі журналісты засумняваліся, кіраўнік ейнай ініцыятыўнай групы Сяргей Штода з Асацыяцыі грузаперавознікаў «Рэгіён 8» нецэнзурна вылаяўся ў размове з «Нашай Нівай».

Пікетаў за Кісель на вуліцах гарадоў не было бачна. Штода казаў, што подпісы яны збіралі «на мяжы, на трасах».

15 чэрвеня Кісель знялася з выбараў, каб перадаць подпісы 7 іншым кандыдатам, сярод якіх аказаўся Гайдукевіч, хаця ён на той момант ужо выбыў з гонкі. Паводле беларускага заканадаўства, працэдура перадачы подпісаў наагул не прадугледжаная. Пазней Кісель дадала, што першапачаткова мела план зняцца на карысць Гайдукевіча.

Юрый Ганцэвіч – фермер без прэтэнзіяў

Юрый Ганцэвіч. Фота – «Белсат»

Кандыдат-фермер, ён жа блогер, ён жа ўласнік аграсядзібы на Гомельшчыне. Цягам кампаніі Ганцэвіч запісваў даволі дзіўныя відэазвароты: напрыклад, запрашаў Лукашэнку наведаць ягоную сядзібу ў аграгарадку Пакалюбічы і абяцаў падрыхтаваць адмысловую верталётную пляцоўку.

Там жа ён ладзіў свае пікеты – у фармаце вясковага свята з музыкай і танцамі. Ад правядзення пікету ў Гомлі патэнцыйны кандыдат адмовіўся праз «магчымыя правакацыі».

18 чэрвеня Ганцэвіч на сваім ютуб-канале прызнаўся, што не змог сабраць 100 тысяч подпісаў, бо «нарыхтоўваў кармы, касіў траву».

На пытанне belsat.eu, колькі подпісаў ён сабраў, Ганцэвіч адказаў: «Я не хачу вам пра гэта гаварыць».

«Кандыдат пратэсту» Уладзімір Няпомняшчых

Уладзімір Няпомняшчых. Скрыншот “Белсат”

Пенсіянер Уладзімір Няпомняшчых – адзіны «кандыдат пратэсту», чыю ініцыятыўную групу зарэгістраваў ЦВК. Няпомняшчых ставіў свае пікеты ў Менску на Камароўцы і ў абласных цэнтрах, пастаянна знаходзіўся ў эпіцэнтры падзеяў.

5 чэрвеня пенсіянера затрымалі ў Гомлі, пратрымалі ў пастарунку каля 3 гадзін. Паводле Няпомняшчых, міліцыянты распытвалі яго пра Сяргея Ціханоўскага.

Што да подпісаў, то мэты іх сабраць Няпомняшчых не меў.

«Я збіраў подпісы толькі тых, хто гатовыя быць назіральнікамі. Я заклікаў людзей байкатаваць гэтыя выбары, гульню ў напарсткі Лукашэнкі і Ярмошынай», – кажа «кандыдат пратэсту».

Класічная апазіцыя

Вольга Кавалькова на пікеце ў Гомлі. Фота «Белсат»

Лідар АГП Мікалай Казлоў, старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і сустаршыня БХД Вольга Кавалькова вырашылі ісці на выбары пасля таго, як правалілася ідэя праймерыз і вылучэння адзінага кандыдата ад апазіцыі. «Класічныя» апазіцыянеры падкрэслівалі, што выкарыстоўваюць кампанію для прыцягнення ўвагі грамадства да праблем у краіне.

«Мы хацелі выкарыстаць гэты перыяд для легальнай магчымасці сустрэчаў з людзьмі, набор людзей, якія хочуць стаць незалежнымі назіральнікамі на выбарах. Фактычна, мэта дасягнутая», – сказала belsat.eu Вольга Кавалькова. Яна дадае, што не лічыла подпісы і наўрад ці будзе іх здаваць.

18 чэрвеня Казлоў і правацэнтрысты паставілі свае пікеты ля філармоніі ў Менску, пасля чаго больш за 2 тысячы чалавек выстраіліся ў жывы ланцуг па праспекце Незалежнасці, каб выказаць салідарнасць з арыштаванымі палітыкамі.

Фота + Відэа
Сем гадзінаў у ланцугу. У Менску прайшоў пікет салідарнасці з арыштаванымі палітыкамі
2020.06.18 17:51

19 чэрвеня Юрась Губарэвіч атрымаў 15 содняў арышту і зняў сваю кандыдатуру з выбарчай гонкі.

Тым часам у штабе кіраўніка «Гавары праўды» Андрэя Дзмітрыева яшчэ 16 чэрвеня заявілі, што сабралі больш за 100 тысяч подпісаў. «Мы пачалі здаваць подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі яшчэ ўчора, сёння людзі па ўсёй краіне гэта робяць», – патлумачыў Дзмітрыеў. Ягоная кампанія адзначаецца адсутнасцю рэзкай крытыкі ўладаў.

Металіст Алесь Таболіч

Пікет Алеся Таболіча. 1 красавіка 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ад самага пачатку музыка Таболіч казаў, што ідзе на выбары «па прыколе». На ягоныя пікеты прыходзілі каларытныя металісты ў татуіроўках. Таболіч заяўляў, што марыць аб «культурніцкай рэвалюцыі», расчараваны ў апазіцыі і на Плошчу не збіраецца. Сваю кампанію ён называў «нефармальнай».

«Якая розніца, хто будзе прэзідэнтам?» – казаў ён у інтэрв’ю belsat.eu.

19 чэрвеня Таболіч прызнаўся, што не набраў 100 тысяч і здымаецца. Ён дадаў, што ў будучыні можа падтрымаць кандыдата, які выступіць за падтрымку нацыянальных каштоўнасцяў.

Скандальная Ганна Канапацкая і «Чэ»

Ганна Канапацкая ў студыі «Белсату». Фота belsat.eu

Экс-дэпутатка Канапацкая сваю кампанію па зборы подпісаў суправаджала неадназначнымі заявамі. То параўнала Бабарыку з «педафілам у дзіцячым садку», то пераконвала, што яна «не брутальны алень».

Канапацкая выстаўляла свае пікеты ў розных гарадах, але чэргаў да іх не назіралася. 10 чэрвеня яна абвясціла, што сабрала 100 тысяч подпісаў, але ЦВК паведаміў: па стане на раніцу 18 чэрвеня ейная ініцыятыўная група здала ўсяго пару сотняў.

За дзень да арышту Віктара Бабарыкі на старонцы Канапацкай у фэйсбуку з’явіўся допіс на беларускай мове (у жыцці яна карыстаецца расейскай), дзе гаварылася:

«Дамо адпор паўзучай гібрыднай агрэсіі рэакцыйных сілаў суседняй дзяржавы, якія пад лічынай «мілага пана» спрабуюць навязаць газпрамаўскага стаўленніка». Усе апошнія пасты ў яе прысвечаныя крытыцы Бабарыкі, што цалкам супадае з пазіцыяй Аляксандра Лукашэнкі.

Сяргей Чэрачань са сваёй камандай каля будынку ЦВК. 20 траўня 2020 г.

У кіраўніка БСДГ Сяргея Чэрачня – 115 тысяч подпісаў, паведамляе ягоны афіцыйны сайт. Пікеты Чэрачня праходзілі спакойны, ніякімі гучнымі заявамі ён не адзначыўся. Нягледзячы на гучны слоган «Час Чэ» Час перамен!», кампанія гэтага патэнцыйнага кандыдата праходзіла без цікавостак.

Ціханоўская за Ціханоўскага

Святлана Ціханоўская. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пасля таго, як папулярнаму блогеру Сяргею Ціханоўскаму адмовілі ў рэгістрацыі, ягоная жонка Святлана падала дакументы ў ЦВК. На яе пікетах Ціханоўскі сустракаўся з людзьмі, якія выказвалі абурэнне дзейнай уладай і патрабавалі зменаў.

Пасля інцыдэнту ў Горадні Ціханоўскі быў затрыманы. У дачыненні да яго і яшчэ семярых чалавек распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка беспарадкаў), двое ягоных паплечнікаў вінавацяць у «гвалце ў дачыненні да міліцыянтаў». Ціханоўскі з паплечнікамі прызнаныя палітзняволенымі, усе яны цяпер у СІЗА №1. Рэпрэсіі закранулі амаль усіх, хто быў на сустрэчах з ім, геаграфія арыштаў і «содняў» – уся Беларусь.

Да пікетаў Ціханоўскай з 24 траўня стаялі вялізарныя чэргі па ўсёй краіне. Там нарадзіўся народны лозунг «Стоп таракан», людзі пачалі прыносіць тапкі, каб «прыхлопнуць прусака». Лукашэнка называе ўдзельнікаў пікетаў «майданутымі» і абвінавачваў у «каруселі».

У інтэрв’ю belsat.eu Святлана Ціханоўская казала: «Я зноў хачу стаць жонкай і мамай». Пасля затрыманняў шматлікіх каардынатараў і чальцоў ініцыятыўнай групы яна сама паехала па рэгіёнах здаваць падпісныя лісты, але невядомыя пачалі пагражаць ёй і дзецям. Нягледзячы на гэта, яна працягнула кампанію.

Нам не ўдалося звязацца са Святланай, каб высветліць, што яна будзе рабіць далей.

Рэальныя канкурэнты Лукашэнкі

цапкала, бабарыка
Калаж з фота: Белсат

Сярод альтэрнатыўных прэтэндэнтаў больш за ўсё подпісаў сабралі Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала.

Напярэдадні апошняга дня збору экс-кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала заявіў, што мае 200 тысяч подпісаў. Ён сумняецца, што паспее здаць усе подпісы ў камісіі, але ў цэлым задаволены, як прайшоў гэты этап. «На сённяшні дзень мы выканалі праграму максімум», – сказаў ён.

Цэпкала аддаў свой подпіс за Ціханоўскую, калі арыштавалі Ціханоўскага і выйшаў на праспект Незалежнасці 18 чэрвеня, каб паціснуць рукі ўдзельнікам жывога ланцугу. Свайго колішняга паплечніка Лукашэнка называў «кныром» і сцвярджаў, што мае на яго кампрамат.

Экс-банкір Віктар Бабарыка пачаў кампанію з заявы, што «масавыя рэпрэсіі – гэта міфатворчасць», пазней ён назваў незаконным затрыманне Ціханоўскага і выступіў з дэкларацыяй за справядлівыя выбары. Бабарыка імкліва набіраў папулярнасць у сярэдняга класу, чым прывёў у шаленства Лукашэнку.

На сённяшні дзень па справе «Белгазпрамбанку» затрыманыя каля 20 чалавек, Віктар Бабарыка з сынам – у СІЗА КДБ, Штаб заявіў, што працягне працу нават у такіх умовах. Па стане на сярэдзіну дня 19 чэрвеня за Бабарыку падпісаліся амаль 435 тысяч беларусаў. Праваабаронцы прызналі яго палітычныя вязнем.

Выбары ў Беларусі прызначаныя на 9 жніўня.

КА belsat.eu

 

Стужка навінаў