Ад каронавірусу памёр былы галоўны архітэктар Віцебску Барыс Лядзенка

Былы галоўны архітэктар Віцебску Барыс Лядзенка памёр у Смаленску ад каронавіруса. Пра гэта паведамляюць у Фэйсбуку яго сваякі.

– Патэлефанаваў Руслан Барысавіч Лядзенка. Сёння сышоў ад нас Лядзенка Барыс Уладзіміравіч! Памёр у Смаленску. Кавід. Да сітуацыі падключыўся асабіста губернатар Смаленскай вобласці. Лепшыя лекары рабілі што маглі, але другая хваля яшчэ больш жорсткая за першую. Мы будзем памятаць Барыса Уладзіміравіча як таленавітага архітэктара, які шмат зрабіў для нашага горада, – напісаў на сваёй старонцы віцяблянін Яўген Калбовіч.

Барыс Лядзенка сышоў на 69 годзе жыцця. Архітэктар вядомы тым, што яшчэ ў 80-я гады адным з першых займаўся аднаўленнем і рэстаўрацыяй помнікаў архітэктуры ў Віцебску. Да 2008 года Лядзенка займаў пасаду галоўнага архітэктара Віцебска, адкуль яго папрасілі сысці па «уласным жаданні». Пасля чаго ён пераехаў у Смаленск, дзе таксама працаваў галоўным архітэктарам да 2014 года.

Новыя звесткі аб COVID-19 у Беларусі: больш за 88 тысячаў хворых

А тым часам у Беларусі пачалася другая хваля эпідэміі каронавіруса. За ўвесь паводле афіцыйнай статыстыкі захварэлі 88290 чалавек, ачунялі – 80133, памерлі – 933. Міністэрства аховы здароўя пакуль не збіраецца ўводзіць усеагульны каранцін, або пераводзіць школы і ВНУ на дыстанцыйную форму навучання, але рэкамендуе пераводзіць большую частку работнікаў на выдаленую працу, а таксама адмовіцца ад правядзення масавых мерапрыемстваў.

МД belsat.eu

Hавiны