Абураныя магілёўцы: Пасля ўсталявання ліўнёўкі вады стала толькі больш

Будаўнікі арыгінальна вырашылі праблему затаплення паркоўкі: цяпер вада стаіць на газоне і дзіцячай пляцоўцы.

«Пасля ўсталявання ліўнёўкі вады стала толькі болей» – напісаў у гарадскі паблік «Магілёў LIVE» жыхар дому № 76 па вуліцы Якубоўскага.

Фота са старонкі «МОГИЛЕВ Live»

На фота, якое зрабіў жыхар з акна сваёй кватэры, – адно месіва: частка ходніка раскладзена на плітачкі і ляжыць побач, былы газон засыпаны зямлёй, дзіцячая пляцоўка падтоплена. Складваецца непрыемнае ўражанне, але ці так гэта насамрэч? «Белсат» выехаў на месца, каб разабрацца.

Тэрыторыя, дзе вядуцца працы, агароджана стужкай. Фота: Belsat.eu

Жыхары дому №76 па вуліцы Якубоўскага ў Магілёве некалькі год пакутавалі ад лужын на паркоўцы. Нарэшце камунальныя арганізацыі пазбавілі людзей пакут: на паркоўцы вады цяпер няма. Але вада зараз ёсць на газоне і дзіцячай пляцоўцы.

«На паркоўцы пад домам заўсёды быў ухіл, які запаўняўся вадой. Увесь час стаяла вялікая лужына. А летам у гэтай лужыне ўсе дзеці сядзелі. Трэба неяк было выпраўляць сітуацыю», – сказала пажылая пара з пад’езду №2.

Жыхары дому № 76 па вуліцы Якубоўскага прасілі прыбраць ваду з паркоўкі. Фота: Belsat.eu

Іншыя суседзі ўзгадалі, што пару год таму, каб спусціць ваду з паркоўцы, камунальнікі проста прыбралі бардзюрны камень, каб вада сышла на газон. Атрымаўся падтоплены газон.

Актыўныя працы па выпраўленню сітуацыі пачаліся тыдзень ці два таму – жыхары называюць розныя тэрміны. Прыехалі працоўныя, разрылі зямлю, усталявалі калодцы і трубы і з’ехалі.

Па ходніку за домам прайсці зараз немагчыма. Фота: Belsat.eu

«Гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі»

Апынулася, гэта былі трубы ліўневай каналізацыі. Як нам патлумачылі ў арганізацыі «ЖылЭкспа», на балансе якой знаходзіцца дом № 76 па вуліцы Якубоўскага, за працы адказнае Упраўленне камунальнага будаўніцтва. Працы вядуцца самім УКБ ці падраднай арганізацыяй.

Жыхары хвалююцца за тое, каб камунальнікі скончылі распачатае добраўпарадкаванне. Фота: Belsat.eu

«Упраўленне камунальнага будаўніцтва па заўвагам мінулага году выпраўляе будаўнічы брак. Гэтая пляцоўка была зроблена з контрсхілам і без ліўнёўкі. Цяпер яны мусяць зрабіць водаадвод з паркоўкі.

Працы прадугледжваюць раскопкі з усталяваннем 1 ці 2 калодзежаў і труб. На працы можа спатрэбіцца і месяц. Але не хвалюйцеся, тэрыторыю ў такім стане яны не пакінуць, усё пад кантролем», – запэўнілі нас у «ЖылЭкспа».

Дом № 76 па вуліцы Якубоўскага здалі з хібамі: на паркоўцы за домам быў контрсхіл і адсутнічала ліўневая каналізацыя. Фота: Belsat.eu

Вольга Васільева Belsat.eu

Hавiны