АБСЕ паведамляе пра ўспышку баёў каля Марыупалю


Ва ўсходняй Украіне недалёка ад Марыупалю адбылася інтэнсіўная перастрэлка, дакладвае місія АБСЕ.

Спецыяльная маніторынгавая місія Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе (АБСЕ) паведаміла аб тым, што ў суботу ўвечары на ўсходзе Украіны непадалёк ад Марыупалю на некалькі гадзін успыхнулі баявыя дзеянні.

Паводле прэс-рэлізу АБСЕ, увечары ў суботу назіральнікі, якія знаходзіліся ў той час на ўсходніх ускраінах вёскі Бярдзянск, пачулі стрэл з танка, падае Бі-Бі-Сі.

Паводле іх, стрэл быў з пазіцый украінскай арміі, пад кантролем якой знаходзіцца Бярдзянск, у кірунку населенага пункту Шырокіна, занятага сепаратыстамі з ДНР.

Прыкладна праз 15 хвілінаў, калі супрацоўнікі місіі АБСЕ пакідалі Бярдзянск, яны пачулі гукі стралковай зброі і кулямётаў.

Назіральнікі сцвярджаюць, што першы танкавы стрэл быў зроблены з пазіцый украінскіх вайскоўцаў.

Ужо даехаўшы да Марыупалю, назіральнікі пачулі гукі, якія сведчаць пра «перарывісты і цяжкі мінамётны агонь у раёне Бярдзянск-Шырокіна», а таксама ўбачылі ўспышкі, якія пацвярджаюць іх здагадкі.

«Бой доўжыўся каля трох гадзін», – гаворыцца ў справаздачы Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ.

Прадстаўнікі ДНР сцвярджаюць, што ў выніку баявых дзеянняў у Шырокіна загінулі мірныя жыхары.

Пры гэтым узброеныя прыхільнікі ДНР адмовілі назіральнікам АБСЕ ў доступе ў сяло.

Спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ заявіла, што мае намер расследаваць паведамленні аб гібелі мірных жыхароў пры першай жа магчымасці.

МЯ, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў