Сёння спаўняецца 498 гадоў з моманту знакамітай бітвы пад Воршаю, гадавіна якой сталася Днём беларускае вайсковае славы. 8 верасня 1514 года войска Вялікага Княства Літоўскага перамагло полчышчы Маскоўскага княства, што колькасна перавышалі нашых амаль утрая.
Пра гэтую бітву паведамлялася ў інфармацыйнай улётцы, выдадзенай у Нюрнбэрґу ў тым жа годзе. Сеча ўвайшла ў еўрапейскія падручнікі гісторыі як узор паспяховай тактыкі ў змаганні з нязмерна большымі сіламі супраціўніка. Гэта адна з самых слаўных старонак нашае гераічнае мінуўшчыны. Аднак цяпер гадавіну бітвы на дзяржаўным узроўні не адзначаюць, хаця на пачатку 1990-х такія спробы рабіліся.
Адна з праграмаў белсатаўскага цыклу «Гісторыя пад знакам Пагоні» прысвячаецца бітве пад Воршаю ды Канстанціну Астрожскаму, пад кіраўніцтвам якога вялікалітоўскае войска перамагло маскоўцаў.
Дзякуючы гэтай перамозе падоўжыўся “залаты век” ВКЛ і нашае нацыянальнае культуры.
belsat.eu