Лукашэнка: У вонкавай палітыцы правалаў не было


Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў, прадстаўляючы на пасадзе новага міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, перадае «БЕЛТА».

Указы аб прызначэнні на пасаду кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Уладзіміра Макея і вызваленні ад гэтай пасады Сяргея Мартынава былі падпісаныя 20 жніўня.

«Я не вельмі ўнікаў, як на гэта адрэагавалі нашыя прыхільнікі і праціўнікі. Хачу заявіць сваю пазіцыю. Прапрацаваўшы амаль дзесяць гадоў на пасадзе міністра, Сяргей Мартынаў адносна даўно выказаў пажаданне папрацаваць на іншай працы. Гэта была ягоная ініцыятыва. Прычым яна, з майго пункту гледжання, выглядала вельмі годна, па-мужчынску, асабліва матывацыя», – адзначыў Лукашэнка.

«Гіпаалергенны» міністр

Высока ацэньваючы прафесійныя якасці Сяргея Мартынава, Лукашэнка падкрэсліў: «Гэта разумны чалавек. У мяне асабіста ён і ягоныя дзеянні ніколі не выклікалі алергіі. Больш за тое (вам, напэўна, гэта вядома), я намагаўся прыцягнуць яго да няпрофільнай, неўласцівай працы, там, дзе трэба аналізаваць. Спадзяюся, што гэта не толькі ягоная была праца, а ўсяго Міністэрства замежных справаў».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што доўга разважаў над тым, хто будзе працаваць на пасадзе міністра замежных справаў пасля Сяргея Мартынава. Звяртаючыся да прысутных кіраўнікоў падраздзяленняў і працаўнікоў МЗС, ён падкрэсліў: «Магчыма, з новым міністрам вы будзеце генераваць ідэі, якія нам неабходныя не толькі ў знешнепалітычнай дзейнасці, але і дзейнасці ўнутры дзяржавы».

Ніводнай сур’ёзнай памылкі ў вонкавай палітыцы

«Павінен адзначыць, што ў знешнепалітычнай сферы мы не дапусцілі сур’ёзных правалаў і праколаў, якія маглі б негатыўна адбіцца на лёсе нашай дзяржавы. І гэта нягледзячы на велізарны ціск з боку асобных дзяржаваў – за правядзенне намі незалежнага знешнепалітычнага курсу і абарону нашых нацыянальных інтарэсаў», – нагадаў Лукашэнка.

Прадстаўляючы новага міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, кіраўнік краіны падкрэсліў: «Не думаю, што вам трэба з размахам і шырока прадстаўляць новага міністра. Уладзімір Макей – чалавек вам вядомы. Ён адзначыўся прынцыпова не толькі ўнутры апарату Міністэрства замежных справаў, але і папрацаваў у замежным прадстаўніцтве нашай дзяржавы. Для вас не сакрэт, што я прыцягваў яго да некаторых знешнепалітычных ініцыятываў. На маё даручэнне ён сустракаўся са шматлікімі кіраўнікамі як на Усходзе, так і на Захадзе, спрабуючы нармалізаваць у асабліва вострыя перыяды нашы адносіны, асабліва на Захадзе. Гэта ў яго атрымлівалася».

Учора Аляксандр Лукашэнка на развітанне з пасадаю міністра ўручыў Сяргею Мартынаву ордэн Айчыны III ступені.

belsat.eu

Стужка навінаў