Беларускага палітыка ўшанавалі, гуляючы ў футбол


Сёння ў Менску прайшоў 16-ы футбольны турнір «Кубак Свабоды» памяці Генадзя Карпенкі.

Згодна з рэгламентам турніру кожная з камандаў згуляла з астатнімі, пераможцу выявілі па колькасці набраных пунктаў. Другі год запар перамагла каманда аргкамітэту стварэння «Беларускага руху». Яна лідаравала ў чатырох гульнях і адну звяла да нічыёй. Другое месца заняла каманда Аб’яднанай грамадзянскай партыі, трэцяе – Беларускага Хельсінкскага камітэту (БХК).

У турніры таксама бралі ўдзел каманды Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), Партыі БНФ, руху «За Свабоду». Увогуле спаборніцтвы праходзілі карэктна, але не абышлося і без траўмаў: руку зламаў брамнік БАЖ Міхась Янчук.{movie}Анатоль Лябедзька пра “Кубак Свабоды”|left|5916{/movie}

За час правядзення турніру памяці Карпенкі чатыры разы ўладальнікам галоўнага трафею станавілася зборная журналістаў. Тройчы на турніры перамагала каманда АГП і зборная Партыі БНФ, двойчы – Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», па адным разе – зборныя фонду імя Карпенкі ды Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.

«У сувязі з апошнімі падзеямі, запалохваннем, страхам, мы ўсе расцярушыліся, але футбол аб’ядноўвае», – выказаўся Эдвард Баланчук з Беларускага Хельсінкскага камітэту.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падкрэсліў: «Турнір памяці Генадзя Карпенкі – гэта не толькі футбол, але і мажлівасць камунікацыі па-за чыстаю палітыкаю». Палітык дадаў: «Акадэмік, палітык, грамадскі дзеяч Генадзь Карпенка – той, каго сёння нам моцна не хапае».{movie}Эдвард Баланчук пра турнір памяці Генадзя Карпенкі|left|5917{/movie}

Турнір «Кубак Свабоды» праводзіцца з 1997 года. Да гэтага падобныя спаборніцтвы былі прымеркаваныя да прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Рэспублікі Беларусь і ў іх актыўна ўдзельнічаў сам Генадзь Карпенка. Пасля смерці палітыка турнір назвалі яго імем. Генадзь Карпенка памёр 6 красавіка 1999 г. ва ўзросце 49 гадоў, праз тыдзень пасля таго, як перажыў інсульт. Раптоўная смерць апазіцыйнага палітыка выклікала шмат пытанняў, якія да гэтага часу застаюцца без адказу.

belsat.eu

Стужка навінаў