КДБ просіць Літву і Швецыю дапамагчы расследаваць «справу мядзведзікаў»


Як паведаміў начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі Аляксандр Антановіч, адпаведныя звароты накіраваныя праз Генеральную пракуратуру Беларусі.

Паводле Антановіча, беларускія праваахоўныя органы зыходзяць з таго, што ў выніку несанкцыянаванага палёту шведскіх падданых былі парушаныя правілы выкарыстання паветранаю прастораю не толькі Беларусі, але і Швецыі, Літвы, блоку НАТО.

Акрамя таго, як адзначыў Антановіч, беларускі бок настойвае на прыбыцці ў Менск шведскіх арганізатараў і ўдзельнікаў акцыі, што трэба для аб’ектыўнага расследавання справы, бо вочная стаўка па тэлевізары не рэальная.

Як паведаміў КДБ 7 жніўня, распачатая і расследуецца крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 371 КК, па факце незаконнага перасячэння падданымі Швецыі на лёгкаматорным самалёце дзяржаўнай мяжы Беларусі 4 ліпеня.

Паводле падазрэння ў спрыянні ўчыненню гэтага злачынства былі затрыманыя грамадзяне Беларусі Антон Сурапін і Сяргей Башарымаў, якім выставілі абвінавачанне паводле ч. 6 арт. 16 («Спрыянне ўчыненню злачынства») і ч. 3 арт. 371 КК («Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь»).

«У інтарэсах аб’ектыўнага расследавання крымінальнай справы і высвятлення ўсіх акалічнасцяў парушэння паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі Камітэтам дзяржаўнай бяспекі прапануецца падданым Швецыі, якія ўзялі ўдзел у арганізацыі і ажыццяўленні незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы, прыбыць у Менск для ўдзелу ў следчых дзеяннях у якасці падазраваных, у тым ліку для правядзення вочных ставак, – гаворыцца ў паведамленні КДБ. – Па выніках будуць прынятыя канчаткова адпаведныя працэсуальныя рашэнні ў дачыненні беларускіх грамадзянаў, якія праходзяць па крымінальнай справе».

belsat.eu

Стужка навінаў