93-ці дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.

Пратэсты: пенсіянеры, медыкі і студэнты

Марш мудрасці ў Менску, 9 лістапада. Здымак: чытач @belsat

У цэнтры Менску 9 лістапада адбыўся супольны марш пэнсіянэраў і медыкаў у падтрымку пераменаў у Беларусі.

Удзельнікі маршу сабраліся на плошчы Незалежнасці і прайшлі шэсцем па праспекце. Людзі неслі бел-чырвона-белыя сцягі, перыядычна скандавалі «Жыве Беларусь!», «Гэта наш горад!», «Трыбунал», «Сыходзь!», «Лукашэнка ў аўтазак» і іншыя лозунгі. У акцыі прынялі ўдзел больш за тысячу чалавек.

Марш мудрасці ў Менску, 9 лістапада. Здымак: чытач @belsat

Акрамя таго, каля 30 працаўнікоў МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі сёння ў 7.30 правялі акцыю салідарнасці з затрыманымі калегамі.

Працягваліся і студэнцкія пратэсты. Акцыі салідарнасці ладзілі сёння студэнты БДУ каля галоўнага корпусу ўніверсітэту і ў сценах Факультэту прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.

Таксама правялі акцыі навучэнцы МДЛУ і БДАМ.

Дыпламатычныя вайна

Вайсковы аташэ Вялікай Брытаніі Тымаці Уайт і намесніца амбасадара Ліза Тамвуд былі абвешчаныя ўладамі Беларусі персонамі non grata. Тэлеканал ОНТ абвінаваціў брытанскіх дыпламатаў у тым, што падчас учорашняй акцыі пратэсту яны вельмі доўга сядзелі ў кавярні на праспекце Пераможцаў. Сцвярджаецца, гэтыя дыпламаты «збіралі інфармацыю аб унутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі і аб ходзе пратэстаў».

«Міністэрствам замежных справаў Беларусі 8 лістапада 2020 года з прычыны дзейнасці несумяшчальнай са статусам дыпламатычнага агента, статусам дыпламата, а таксама з мэтамі знаходжання ў Беларусі прынятае рашэнне аб абвяшчэнні двух дыпламатаў амбасады Вялікай Брытаніі персонай non grata», – паведаміў прэсавы сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Дамінік Рааб назваў рашэнне беларускіх уладаў «абсалютна неабгрунтаваным».

Сёння ж у МЗС Беларусі была праведзена сустрэча з часовым павераным у справах амбасады Польшчы ў Беларусі Марцінам Вайцяхоўскім. Як адзначаецца ў прэс-рэлізе МЗС, «беларускі бок выказаў заклапочанасць у сувязі з пацверджанымі і задакументаванымі фактамі арганізаванай злачыннай дзейнасці з тэрыторыі Польшчы, якая прычыняе шкоду жыцця і здароўю беларускіх грамадзянаў, грамадскай бяспекі, дзяржаўнаму і прыватнаму маёмасці ў Рэспубліцы Беларусь».

Крымінальны пераслед за пратэсты

Сёння стала вядома, што Генеральная пракуратура накіравала ў суд больш за 100 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. Па 16 з іх ужо вынесены прысуды.

У ведамстве ўдакладняюць, што гаворка ідзе пра крымінальныя справы звязаныя з масавымі беспарадкамі, удзелам грамадзянаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах, супрацівам, гвалтам і пагрозай яго ўжывання ў дачыненні міліцыянтаў, а таксама пакрыцці шкоды, прычыненай дзяржаўнай маёмасці супрацьпраўнымі дзеяннямі.

Следчы камітэт сёння паведаміў яшчэ пра дзве крымінальныя справы, звязаныя з пратэстамі, расследаванне па якім ужо завершана. 34-гадоваму менчуку выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 363 (супраціў міліцыянту, спалучаны з ужываннем гвалту). Падставай для пераследу стаў інцыдэнт, які адбыўся падчас Маршу герояў 13 верасня на вуліцы Мельнікайтэ, калі пры затрыманні «невядомыя аказалі актыўны супраціў» міліцыянту.

Hавiны
СК распавёў пра яшчэ дзве крымінальныя справы супраць пратэстоўцаў
2020.11.09 16:10

А 25-гадоваму жыхару гораду Баранавічы выстаўлена абвінавачванне паводле арт.364 (ужыванне гвалту ў дачыненні міліцыянта): яго вінавацяць у тым, што 10 жніўня ён здзейсніў наезд аўтамабілем на міліцыянта. Відэа наезду раней публікаваў МУС. На кадрах бачна, што некалькі сілавікоў у шлемах спрабуюць перакрыць рух машыне, але кіроўца ўсё роўна з’язджае зачапіўшы аднаго з міліцыянтаў – той фактычна праехаўся па капоце аўтамабіля. Міліцыянт траўмаў не атрымаў.

Суды над медыкамі і ціск на журналістаў

Учора, падчас Маршу народаўладдзя, сілавікі затрымалі больш за 1000 чалавек, шмат хто быў моцна збіты. Сёння больш за 200 затрыманых судзілі: іх каралі адміністратыўным арыштам або штрафам.

У тым ліку 9 лістапада судзілі лекараў, якіх затрымалі яшчэ ў суботу. Напрыклад, анестэзіёлаг-рэаніматолаг Уладзімір Кравец, траўматолаг Ігар Чанцаў і вядомы псіхіятр Сяргей Папоў былі пакараныя 15 соднямі арышту кожны, а анколагі Аляксандр Мініч і Святлана Дабрыян атрымалі па 13 содняў.

Hавiны
«Білі па кісцях рук, ламалі пальцы, шмат ЧМТ». Лекары параўноўваюць разгон 8 лістапада cа жнівеньскімі падзеямі
2020.11.09 19:14

Працягваецца ціск на журналістаў. Сёння адбыўся вобшук у галоўнай рэдактаркі недзяржаўнай «Газеты Слонімскай» Ганны Валадашчук. Пасля з ператрусам прыехалі і ў саму рэдакцыю «Газеты Слонімскай», дзе забралі камп’ютары. Валадашчук праходзіць сведкай у крымінальнай справе за абразу работніцы сістэмы адукацыі, але Ганна адмаўляе дачыненне да паклёпніцкіх паведамленняў у мясцовых тэлеграм-каналах.

Аб’ектыў
Рэпрэсіі супраць журналістаў не спыняюцца
2020.11.09 23:19

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў