Алігарх Машэнскі можа трапіць у чорны спіс


Еўразвяз можа зноў пашырыць спіс афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, супраць якіх дзеюць санкцыі.

Пра гэта заявіў дырэктар Дэпартаменту ў пытаннях Расеі, “Усходняга партнёрства”, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці Гунар Віганд 18 чэрвеня ў Бруселі.

Дзеля нармалізацыі дачыненняў з Еўропаю вызвалення двух палітвязняў недастаткова, падкрэсліў чыноўнік брусельскаму выданню “EUobserver”.

Цяпер больш як 240 прадстаўнікоў беларускай дзяржавы не маюць права ўязджаць у ЕЗ ці весці бізнес на агульным рынку. Забарона, у прыватнасці, тычыцца буйных бізнесоўцаў Уладзіміра Пефціева і Юрыя Чыжа, якія, на меркаванне Еўразвязу, фінансуюць беларускі рэжым.

“EUobserver” паведамляе, што да спісу таксама можа быць далучаны кіраўнік СП ТАА “Санта-Імпэкс Берасце” Аляксандр Машэнскі, “які адыграў важную ролю ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. і лічыцца трэцім уплывовым алігархам пасля Пефціева і Чыжа”.

Адзначаецца таксама, што ЕЗ увёў эмбарга на экспарт у Беларусь узбраення, якое можа выкарыстоўвацца дзеля ўнутраных рэпрэсіяў. Віганд лічыць санкцыі эфектыўнымі. “Той факт, што мы працягваем аказваць ціск на ўрад, мог спрыяць вызваленню некаторых з 23 палітзняволеных”, – сказаў ён.

“EUobserver” між іншага адзначае: нягледзячы на крызіс у палітычных дачыненнях Менску і Бруселю, гандаль паміж Беларуссю і краінамі ЕЗ летась вырас на 69 %.

Віганд прыязджаў у Беларусь сёлета 8–10 лютага. Ён сустракаўся з міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, праваабаронцамі, сваякамі палітзняволеных і прадстаўнікамі еўрапейскага дыпкорпусу.

belsat.eu

Стужка навінаў