88-ы дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі 4 лістапада.

На «Беларуськаліі» загінуў рабочы

Стачкам паведамляе, што загінуў супрацоўнік 3 рудаўпраўлення 11 горнага ўчастку Мікалай Лявончык.

Смерць рабочага агенцтву БелТА пацвердзіла прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова. Афіцыйны прадстаўнік СК дадала: «У цяперашні час следчы спусціўся ў шахту для правядзення агляду месца здарэння».

Караева прадставілі калектыву Гродзенскага аблвыканкаму

Экс-міністр МУС Юрый Караеў прыступае да новых абавязкаў памочніка прэзідэнта па Гарадзенскай вобласці. Караеў распавёў, чым зоймецца на пасадзе памочніка прэзідэнта.

«Тыя задачы, якія кіраўнік дзяржавы ставіў, – гэта пазнаць кадры, потым глядзець, як іх прызначаюць, глядзець за іх працай, дапамагаць сілавому блоку ў каардынацыі ўсіх іх задач. Таксама гэта няпроста, таму што ў кожнага ж і свае спецыфічныя асаблівасці, і сакрэты. Таму ўпершыню такое даручэнне, мабыць, памочніку кіраўніка дзяржавы, але каардынацыя намаганняў патрэбная, у тым ліку з пераадоленнем тых негатыўных наступстваў, нашых момантаў, якія цяпер у грамадстве адбываюцца. Неабходна засяродзіцца на растлумачэнні людзям тых наступстваў, якія маглі б наступіць у выніку беспарадкаў».

Hавiны
«Спачатку мы не паспявалі ратаваць ахвяраў каронавірусу, цяпер – гвалту сілавікоў». Медыкі – пра тое, чаму выходзяць на пратэсты
2020.11.04 09:14

Содні для медыкаў і працаўніка «Горадня-Азоту»

Сёння содні прысудзілі медыку Яўгену Майскаму (9 дзён арышту), Руслан Якубоўскі і хірург Дзмітрый Маркелаў атрымалі па 8 содняў арышту. Судоў на дадзены момант яшчэ чакаюць траўматолаг-артапед Леанід Глазкін ды сасудзісты хірург Дзмітры Маркелаў.

Былому супрацоўніку «Горадня-Азоту» Сяргею Шэлесту далі 5 содняў арышту.

Hавiны
«АМАП крычаў: вы будзеце працаваць на нас». Азотаўцы – пра страйк і звальненні
2020.10.30 10:50

Пуцін і Лукашэнка размаўлялі па тэлефоне

Стала вядома, пра што яны гаварылі:

  • распаўсюджванне COVID-19 навокал Беларусі і Расеі, а таксама ўнутры дзвюх краін
  • арганізацыю вырабу вакцыны ў Беларусі з выкарыстаннем расейскіх тэхналогіяў і тэхналагічнага працэсу
  • сітуацыю ў ЗША, Польшчы, Літве, Украіне
  • актуальныя пытанні ўнутранага парадку Расеі і Беларусі
  • перавалку нашых тавараў з порта Усць-Луга, пытанні ваенна-тэхнічнай супрацы
  • пачатак перамоваў па пастаўках вуглевадародаў – нафты і газу – у Беларусь у будучым годзе
  • магчымасць набыцця радовішча нафты на тэрыторыі Расеі
  • завяршэнне прац па ўключэнні першага энергаблока беларускай АЭС у беларускую энергасістэму.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сазвоньваліся 2 кастрычніка, а яшчэ раней, 14 верасня, сустракаліся ў Сочы. Тады Пуцін падтрымаў ініцыятыву Лукашэнкі аб правядзенні канстытуцыйнай рэформы, а Расея абяцала Беларусі крэдыт на 1,5 млрд долараў.

Еўразвяз дамовіўся пра пашырэнне новых санкцыяў супраць уладаў Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі

Рашэнне мае быць апублікаванае ў пятніцу 6 лістапада.

Раней у кастрычніку кіраўнікі МЗС ЕЗ на сустрэчы ў Люксембургу ўзгаднілі ўвядзенне санкцый супраць Лукашэнкі пры ўмове, калі сітуацыя ў краіне не палепшыцца.

Прэзідэнцкія выбары ў ЗША

На дадзены момант лідаруе Джо Байдэн. Ён мае 227 галасоў выбарцаў. Для перамогі трэба набраць 270 галасоў.

Цяпер ён апярэджвае дзейнага прэзідэнта Дональда Трампа на 14 галасоў выбарцаў.

Святлана і Сяргей Ціханоўскія ствараюць фонд «Краіна для жыцця», які будзе дапамагаць валанцёрам і іх сем’ям

Фонд будзе аказваць матэрыяльную дапамогу валанцёрам і актывістам, а таксама іх семʼям, якія апынуліся ў складаным матэрыяльным становішчы ў сувязі з удзелам у пратэставай дзейнасці.

Матэрыяльная дапамога таксама аказваецца семʼям арыштаваных валанцёраў і актывістаў або прызнаных палітзняволенымі за час знаходжання члена сямʼі ў турме.

984 новыя выпадкі COVID-19 зарэгістраваны ў Беларусі за апошнія содні

Агулам з канца лютага ў Беларусі захварэлі 102 313 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Ачунялі і выпісаныя 88 701 пацыентаў. За апошнія содні, згодна з афіцыйнымі звесткамі, ад каронавірусу памерлі тры асобы.

Hавiны
Рэкордныя лічбы: У Беларусі за дзень выявілі 984 хворых на COVID-19
2020.11.04 16:41
Стужка навінаў