Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.
Пратэсты 3 лістапада насілі лакальны характар. Раніцай адбылася акцыя салідарнасці медыкаў побач з РНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі.
Днём акцыі салідарнасці ладзілі студэнты: навучэнцы МДЛУ падтрымалі выкладчыцу Наталлю Дуліну, якую пакаралі 14 соднямі арышту, а ў БДАМ падтрымалі адлічаных студэнтаў.
У другой палове дня пагутарыць са студэнтамі БДУ нечакана прыехала старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава. Размова цягнулася некалькі гадзінаў, але студэнтаў вынікі дыскусіі наўрад ці задаволілі: Качанава паслядоўна адмаўлялася прызнаваць памылкі ўладаў і асуджала пратэсты.
Рабочыя МЭТЗ і проста неабыякавыя беларусы прыйшлі да заводу, каб падтрымаць звольненага па палітычных матывах вядучага канструктара Віталя Чычмарова. А ў Мазыры міліцыя затрымала пецярых рабочых НПЗ, якія выйшлі на акцыю салідарнасці са сваім затрыманым калегам.
Увечары таксама прайшлі сімвалічныя акцыі салідарнасці ў розных мікрараёнах Менску і шэрагу рэгіёнаў краіны.
У Гарадзенскай вобласці распачаліся два судовых працэса па крымінальных справах супраць пратэстоўцаў: іх вінавацяць у гвалце ў дачыненні міліцыянтаў.
У судзе Слонімскага раёна разглядаюць справу Максіма Кучынскага. Ён быў затрыманы 9 жніўня ў Слоніме на мірнай акцыі пратэсту, калі заступіўся за дзяўчыну з бел-чырвона-белым сцягам, якую пры разгоне мітынгу збівалі сілавікі. Хлопца арыштавалі на 7 содняў, а затым распачалі крымінальную справу – за тое, што ўпаў на міліцыянта і надарваў яму кашулю. Пракурор патрабуе пакараць хлопца 2 гадамі «хатняй хіміі».
А ў Горадні пачаўся суд па крымінальнай справе 63-гадовага Юзафа Нямеры. Юзаф Нямера ўдзельнічаў у акцыі пратэсту 6 верасня і бараніў жанчыну ад АМАПу. Пры тым ён штурхануў аднаго з міліцыянтаў, што і стала падставай для крымінальнага пераследу.
3 лістапада працягваўся пераслед за пратэсты і ў адміністратыўным парадку: паводле праваабаронцаў, цягам дня ў судах былі разгледжаны больш за 40 справаў. У тым ліку пакаралі адміністратыўным арыштам журналістаў: карэспандэнту газеты «Новы Час» Аляксандра Зяньковіча далі 13 содняў. Журналістка і сябра ПЦ «Вясна» Марына Кастылянчанка атрымала 15 содняў.
Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады апазіцыі сёння паведамілі, што праз свае крыніцы яны атрымалі праект зменаў у Канстытуцыю, якія рыхтуюць улады.
«У дакуменце, атрыманым праз нашыя крыніцы, уладамі прапануецца шэраг змяненняў, якія супярэчаць інтарэсам беларусаў і нормам міжнароднага права. Таксама ў дакуменце адсутнічаюць прапановы па змене палітычных раздзелаў канстытуцыі», – адзначаецца ў заяве КР.
Праект зменаў можна знайсці тут. Адначасова КР публікуе і каментары сваіх юрыстаў да гэтых паправак. У прыватнасці, у новай Канстытуцыі:
ІІ belsat.eu