84-ты дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.

Аб’яднаны марш

31 кастрычніка ў Менску працягваюцца акцыі пратэсту. У другой палове дня адбыліся адразу дзве акцыі: суботні жаночы марш і акцыя людзей з інваліднасцю.

Жаночы марш і акцыя людзей з інваліднасцю абʼядналіся.
Фота: Агата Квяткоўска / «Белсат»

Жаночы марш 31 кастрычніка прайшоў пад лозунгамі салідарнасці з тымі хто бастуе. Падчас шэсця жаночая калона абʼядналася з людзьмі з інваліднасцю, якія распачалі сваю акцыю каля Чырвонага Касцёлу.

Акцыя людзей з інваліднасцю.
Фота: ТК / «Белсат»

КаАП перапішуць

Праект паправак у КаАП прайшоў першае чытанне ў Палаце прадстаўнікоў, піша TUT.BY. Чакаецца, што новая рэдакцыя Кодэксу адміністратыўных правапарушэнняў набудзе моц ад 1 студзеня 2021. Перадусім будзе ўзмоцненая адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

Арышт па артыкуле 23.34 можа быць павялічаны з 15 да 30 содняў, а памер штрафу павялічаны да 100 базавых за першы выпадак і 200 базавых за паўторны (і зменены нумар артыкула, але сэнс яго той жа). За «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў» могуць павялічыць штраф з 50 да 100 базавых. З’явіцца і новы артыкул. За «Незаконнае выкарыстанне сцягоў, вымпелаў, эмблем, выраб, распаўсюджванне плакатаў, эмблем і сімвалаў» можа з’явіцца штраф да 20 базавых фізічнай асобе.

Акцыя людзей з інваліднасцю.
Фота: Агата Квяткоўска / «Белсат»

Звесткі ад палітвязняў

Юрыст і палітзняволены Максім Знак не піша ў СІЗА Канстытуцыю, як раней сцвярджала Лілія Уласава.

Пра гэта распавёў ягоны абаронца Дзмітрый Лаеўскі.

«Ягоная творчасць у СІЗА цяпер пераважна складаецца ў напісанні вершаў і песень. Як высокакваліфікаваны юрыст ён мае свой пункт гледжання ў розных прававых пытаннях, у тым ліку ў канстытуцыйных нормах. Аднак наконт удзелу ў Канстытуцыйнай рэформе ён мае прынцыповую пазіцыю: ён не стане што-небудзь рабіць, пакуль не будуць выкананыя тры ўмовы з іх афіцыйным публічным замацаваннем у нарматыўным акце: першае – вызначэнне дакладных тэрмінаў рэферэндуму; другое – адкрытае і публічнае абмеркаванне праектаў канстытуцыі; трэцяе – гарантыі незалежнага фармавання выбаркамаў, а таксама празрыстасць галасавання і падліку галасоў», – кажа Лаеўскі.

Беларусь зачыняе межы

З 1 лістапада наша краіна часова прыпыняе перасячэнне мяжы на ўезд для замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства. Прычынаю для абмежавання з’яўляецца пандэмія каронавірусу.

Паводле пастановы Саўміну, часова абмяжоўваецца ўезд замежных грамадзянаў на аўтадарожных пунктах пропуску, пунктах спрошчанага пропуску, пунктах пропуску на чыгуначных вакзалах (станцыях), пунктах пропуску ў рачных партах. Але праз аэрапорт замежнікі могуць прылятаць у Беларусь. Ёсць таксама і шэраг іншых выключэнняў.

Беларуская памежніца чакае пасажыраў у Нацыянальным аэрапорце Менск, 19 сакавіка 2020 года.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Карпенка пракаментаваў адлічэнні студэнтаў

Міністр адукацыі Ігар Карпенка: для студэнтаў у ВНУ павінны быць створаны бяспечныя ўмовы

«Мы змагаемся не з іншадумствам і грамадзянскай пазіцыяй студэнтаў, як падаюць некаторыя Telegram-каналы, а з праявай прававога нігілізму з боку асобных маладых людзей, грубым парушэннем унутранага распарадку, праявай агрэсіі і хамства ў адносінах да выкладчыкаў і адміністрацыі ВНУ».

Hавiны
BYSOL: «Нашая галоўная задача – падтрымаць, а не вымыць моладзь з Беларусі»
2020.10.31 09:49

СК belsat.eu

Стужка навінаў