70 дзён пратэстаў, затрыманняў, арыштаў і гвалту

Пратэсты ў Беларусі працягваюцца ўжо 70 дзён. Belsat.eu падводзіць вынікі суботы 17 кастрычніка.

У Менску адначасова адбыліся «Генеральны жаночы марш» і «Марш маладосці». Студэнты і жанчыны выйшлі з патрабаваннем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, правядзення новых выбараў, вызвалення палітвязняў і расследавання ўсіх актаў гвалту супраць мірных грамадзянаў.

Жаночы марш у Менску. 17 кастрыніка 2020 года. Фота: ТК / belsat.eu

Сотні студэнтаў распачалі шэсце ад МДЛУ, але да калоны пад’ехалі сілавікі, якія пачалі хапаць маладзёнаў.

Марш жанчын распачаўся ад станцыі метро «Усход». Акцыя завершылася на плошчы Якуба Коласа. Але ўздоўж праспекту да плошчы Незалежнасці адбываўся суботні «дэмарш» – шпацыр жанчын з кветкамі.

Удзельніцы «жаночага дэмаршу» каля Чырвонага касцёла. 17 кастрычніка 2020 года. Фота: ТК / belsat.eu

Праваабаронцы паведамляюць, што па выніках акцыяў затрымалі больш за 40 асобаў. Сярод затрыманых і журналісты, якія цяпер на Акрэсціна.

Адвакат Ілля Салей знаходзіцца дома. Яго затрымалі па крымінальнай справе аб закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. Суседзі адваката кажуць, што Ілля Салей прыехаў каля 19.00 пятніцы ў суправаджэнні бацькоў. Ужо пасля 23.00 у кватэру да Салею прыходзілі супрацоўнікі міліцыі. Зʼяўляліся яны там і сёння днём. Суседзі мяркуюць, што такім чынам сілавікі кантралююць, ці дома знаходзіцца Ілля, піша TUT.by.

Ілля Салей і Марыя Калеснікава. Фота прэс-службы штабу Віктара Бабарыкі

Сяргей Дылеўскі заклікаў рабочых да пратэстаў

«Цяпер усе беларусы абараняюць сябе, сваю свабоду і будучыню сваіх дзяцей. Мы, рабочыя, таксама павінны паказаць свой мірны, але цвёрды і ўпэўнены пратэст. Хлопцы, успомніце – гэта наша краіна, і пакажыце, хто ў хаце гаспадар», – заявіў сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады ў сваім звароце.

У міліцыі заявілі, што Алена Леўчанка перабольшвае наконт жахлівых умоваў утрымання

Баскетбалістка Алена Леўчанка пад час акцыі пратэсту ў Менску. Фота з сацыяльных сетак

«Паведамляем, што на самой справе спартоўка перабольшвае сітуацыю наконт утрымання на Акрэсціна, – афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкаму Раман Лашкевіч. – Для ўсіх затрыманых прадугледжана трохразовае харчаванне, вада, туалет, пасцельныя прыналежнасці, туалетная папера, мыла. Некаторыя журналісты былі там, і ніхто не скардзіўся».

Нагадаем, раней Леўчанка распавядала, што ў ізалятары яе не вадзілі ў душ, у камеры не было гарачай вады, не працаваў змыў у прыбіральні, забралі матрацы і пасцельную бялізну.

Гадавіна рэферэндуму

Роўна 16 гадоў таму ў Беларусі адбыўся рэферэндум, па выніках якога Лукашэнка атрымаў магчымасць абірацца на пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў. Па выніках рэферэндуму з Канстытуцыі было выключана палажэнне, якое абмяжоўвае знаходжанне на пасадзе прэзідэнта двума тэрмінамі.

Галасаванне адбылося 17 кастрычніка 2004 года. Паводле ЦВК, «за» змены ў Канстытуцыі выступілі 79,42% выбарнікаў, а супраць 9,9%.

АБСЕ, Венецыянская камісія ПАРЕ, міжнародныя назіральнікі і праваабаронцы раскрытыкавалі правядзенне рэферэндуму. Апазіцыя палічыла рэферэндум незаконным.

Балаба пра падпал радавога дому

Кіраўнік сталічнага амапу Дзмітрый Балаба распавёў пра рэакцыю на падпал свайго радавога дому ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання.

«Вядома, гэта быў пэўны ўкол. Недзе ўнутры для сябе я ўсвядоміў тое, што адбылося, я разумею. Так, сапраўды гэта было дастаткова балюча, але гэта не значыць, што можна змяніць мой светапогляд, або змяніць мае погляды на тое, што адбываецца, або нейкім чынам зрабіць больш жорсткім. Я буду выконваць свае задачы гэтак жа, як на сёння прадпісана маімі службовымі абавязкамі і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь», – заявіў Балаба.

CK belsat.eu

Hавiны