Асцярожна з інтэрнэтам: Пуцін хоча ведаць прозвішчы ўсіх, хто крытыкуе


Расейскі прэм’ер-міністр адрэагаваў на хвалю мітынгаў чарговым “трактатам”. Гэтым разам на старонках газеты “Коммерсантъ” ён разважае пра ролю інтэрнэту ў дэмакратыі ды новыя патрабаванні сярэдняга класу.

Кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Пуцін напісаў чацвёрты праграмны артыкул, гэтым разам прысвечаны дэмакратыі. У ёй ён прапанаваў развіваць новыя формы ўдзелу грамадзянаў у кіраванні краінаю, але перасцярог ад “анархіі ды алігархіі” 1990-х. У артыкуле пад назваю “Дэмакратыя і якасць дзяржавы”, апублікаванай у газеце “Коммерсантъ”, Пуцін вылучае інтэрнэт як важны інструмент дэмакратыі.

Сярод іншага ён прапаноўвае на ўзор некаторых заходніх краінаў, у тым ліку Вялікай Брытаніі, “увесці правіла абавязковага разгляду ў парламенце тых грамадскіх ініцыятываў, якія збяруць 100 тысячаў і больш подпісаў у інтэрнэце”.

Разам з тым, Пуцін падкрэслівае, што “дзеля гэтага ананімны інтэрнэт не падыходзіць”. “Трэба будзе распрацаваць парадак афіцыйнай рэгістрацыі тых, хто хоча стаць удзельнікам такой сістэмы”, – піша кандыдат на прэзідэнта.

Яшчэ падчас снежаньскай “наўпроставай лініі” – адказаў на пытанні расейцаў у жывым эфіры – Пуцін параўноўваў удзельнікаў дэманстрацый з “бандэрлогамі”, а белыя стужачкі, якія сімвалізуюць пратэсты, – з супрацьзачаткавымі сродкамі.

Аднак цяпер з ягонага артыкулу можна зрабіць выснову, што ён падтрымлівае грамадзянскую актыўнасць расейцаў.

“Сёння нашае грамадства зусім іншае, чым на пачатку 2000-х гадоў. Шмат якія людзі становяцца больш забяспечаныя, больш адукаваныя і больш патрабавальныя, – піша прэм’ер. – Змяніліся патрабаванні да ўладаў, выйсце сярэдняга класу з вузкага асяродку будаўніцтва ўласнага дабрабыту – гэта вынік нашых намаганняў. Мы дзеля гэтага працавалі”.

У сваім артыкуле ў “Коммерсанте” Пуцін таксама надае даволі шмат месца крытыцы 1990-х, калі, паводле яго, “увядзенне дэмакратычных формаў практычна адразу ж прыпыніла неабходныя эканамічныя рэформы”, а таксама з’яўленне “алігархічных элітаў”, якія “бессаромна выкарыстоўвалі дзяржаву ў сваіх інтарэсах” і “дзялілі агульнанародны набытак”.

belsat.eu

Стужка навінаў