Заўтра – мінус 32. Як перажыць маразы?


Уначы 1–2 лютага на большай частцы тэрыторыі Беларусі тэмпература паветра панізіцца да мінус 25–29, месцамі да мінус 30–32.

Міністэрства надзвычайных сітуацыяў раіць, як аказаць першую дапамогу і што зрабіць, каб не абмарозіцца.

Першая дапамога

Дзеянні залежаць ад ступені абмаражэння, агульнага ахаладжэння арганізму, узросту і спадарожных хваробаў. Трэба сагрэцца, аднавіць кровазварот ў пашкоджаных холадам тканінах і папярэдзіць развіццё інфекцыі. Найперш трэба даставіць пацярпелага ў цёплае памяшканне, зняць прамерзлы абутак, шкарпэткі, пальчаткі ды тэрмінова выклікаць лекара або хуткую дапамогу.

Пры абмаражэнні I ступені ахалоджаныя месцы варта сагрэць да чырвані цёплымі рукамі, лёгкім масажам, расціраннем ваўнянаю тканінаю, дыханнем, а затым накласці ватна-марлевую павязку.

Пры абмаражэнні II-IV ступеняў хуткага сагравання, масажу або расцірання рабіць не варта. Накладзіце на пашкоджаную паверхню цяплоізаляцыйную павязку (пласт марлі, тоўсты пласт ваты, ізноў пласт марлі, а зверху цырату або прагумаваную тканіну). Пашкоджаныя канцавіны фіксуюць з дапамогаю падручных сродкаў (дошчачка, кавалак фанеры, шчыльны кардон), накладваючы і прыбінтоўваючы іх паверх павязкі. У якасці цяплоізаляцынага матэрыялу можна выкарыстоўваць ватоўкі, фуфайкі, ваўняную тканіну.

Пацярпелым даюць гарачае пітво і ежу, невялікую колькасць алкаголю, па таблетцы аспірыну, анальгіну, па дзве таблеткі “Но-шпы” і папаверыну.

Не рэкамендуецца расціраць хворых снегам, бо крывяносныя сасуды рук і ступакоў вельмі далікатныя, іх можна пашкодзіць, а праз ранкі на скуры можа трапіць інфекцыя. Нельга наспех адаграваць абмарожаныя канцавіны ля вогнішча, ужываць грэлкі ды падобныя крыніцы цяпла, паколькі гэта можа пагоршыць стан. Непрымальны і неэфектыўны варыянт першай дапамогі – уціранне алеяў, тлушчу, расціранне спіртам тканінаў пры глыбокім абмаражэнні.

Калі вы злёгку застудзіліся, дапаможа цёплая ванна пры пачатковай тэмпературы вады 24 градусы, трэба паступова павялічваць яе да нармальнай тэмпературы цела. Пры сярэдняй і цяжкай ступені агульнага ахаладжэння з парушэннем дыхання і кровазвароту пацярпелага неабходна як мага хутчэй даставіць у больніцу.

Што рабіць, каб пазбегчы абмарожанняў?

Не піце спіртнога: у стане алкагольнага ап’янення (зрэшты, як і любога іншага) арганізм хутка губляе цяпло, у той час як чалавеку падаецца, што яму зусім не халодна. Да таго ж з-за адсутнасці канцэнтрацыі чалавек не заўважае першых прыкметаў абмаражэння. Не варта на марозе і паліць. Нікацін памяншае перыферыйную цыркуляцыю крыві ды робіць канцавіны больш датклівымі.

Насіце свабодную вопратку – гэта спрыяе нармальнай цыркуляцыі крыві. Апранайцеся “як капуста” – пры гэтым паміж пластамі адзення заўсёды ёсць праслойкі паветра, якія выдатна трымаюць цяпло. Верхняя вопратка абавязкова мусіць быць непрамакальная.

Пацёртасці і абмаражэнні могуць з’явіцца з-за цеснага абутку і вільготных брудных шкарпэтак. Асабліва мусяць пільнавацца тыя, у каго часта пацеюць ногі. У боты трэба пакласці цёплыя сцілкі, а замест баваўняных шкарпэтак надзець ваўняныя – яны ўбіраюць вільгаць, пакідаючы ногі сухімі.

Не выходзьце на мароз без рукавіцаў, шапкі ды шаліка. Найлепшы варыянт – рукавіцы з непрамакальнай і напрадзімальнай тканіны з футрам унутры. Пальчаткі з натуральных матэрыялаў хоць і зручныя, але ад марозу не ратуюць. Шчокі ды падбароддзе можна абараніць шалікам. Перад выхадам адкрытыя часткі цела варта нашмараваць адмысловым крэмам.

Не насіце металічных (у тым ліку залатых, срэбных) упрыгажэнняў – пярсцёнкаў, завушніцаў і г. д., якія могуць “прыліпнуць” да скуры. Пярсцёнкі парушаюць нармалёвую цыркуляцыю крыві. Наогул на марозе імкніцеся пазбягаць кантакту голай скуры з металам.

Не здымайце на марозе абутку з абмарожаных ног – яны распухнуць і вы не зможаце ізноў абуцца. Неабходна як мага хутчэй дайсці да цёплага памяшкання. Калі змерзлі рукі – паспрабуйце адагрэць іх пад пахамі.

Вярнуўшыся дадому, абавязкова пераканайцеся, ці не маеце абмарожанняў канцавінаў, спіны, вушэй, носа і г. д. Пушчанае на самацёк абмаражэнне можа прывесці да гангрэны і страты часткі цела.

Не мачыце скуры – вада праводзіць цяпло значна лепш за паветра. Не выходзьце на мароз з вільготнымі валасамі пасля душу. Мокрую адзежу і абутак (напрыклад, чалавек упаў у ваду) неабходна зняць, выцерці цела, пры магчымасці апрануць ў сухое і як мага хутчэй даставіць чалавека ў памяшканне. У лесе трэба распаліць вогнішча, распрануцца і, пакуль адзенне сушыцца, рабіць фізічныя практыкаванні, грэючыся ля агню.

На працяглы шпацыр на марозе варта захапіць з сабой пару зменных шкарпэтак, рукавіцаў і тэрмас з гарачаю гарбатаю. Перад выхадам на мароз трэба паесці – вам можа спатрэбіцца энергія.

Варта ўлічваць, што ў дзяцей цепларэгуляцыя арганізму яшчэ не цалкам наладжаная, а ў старых людзей і пры некаторых хваробах гэтая функцыя бывае парушаная. Адпускаючы дзіця гуляць у мароз на вуліцы, памятаеце, што яму пажадана кожныя 15–20 хвілінаў вяртацца ў цяпло і сагравацца.

belsat.eu

Стужка навінаў