БРСМ стварае чарговы савет


Гэтым разам – студэнцкі і ў Менску

Савет фармуецца пры Менгарвыканкаме, асноўная мэта – стварыць умовы для развіцця студэнцкага самакіравання, паведаміў начальнік аддзелу справаў моладзі Аляксей Півавараў. «Гэта будзе калегіяльны дарадчы выбарны орган студэнцкага самакіравання, яго рашэнні будуць насіць рэкамендацыйны характар. У склад студсавету ўвойдуць 33 чалавекі – па адным прадстаўніку ад кожнай ВНУ гораду», – удакладняе чыноўнік.

Праўда, апроч універсітэцкага галасавання кожную кандыдатуру дадаткова будуць узгадняць на паседжанні Менгарвыканкаму.

Паводле папярэдніх разлікаў, найбольшай актыўнасці чакаюць ад сябраў БРСМ, манаполію на правядзенне выбараў атрымала менавіта гэтая арганізацыя. «Сябры нашай арганізацыі займаюцца актыўнаю дзейнасцю ва ўніверсітэтах, і часта так бывае, што менавіта БРСМ ладзіць галоўныя святы, удзельнічае ў грамадскіх справах універсітэту, гораду ды краіны наогул. Таму відавочна, што нашыя сябры будуць у студсавеце», – кажа прэсавы сакратар менскага гарадскога камітэту БРСМ Максім Касцян.

Чым будзе займацца новая рада? «Распрацоўваннем прапановаў у асноўных кірунках моладзевай палітыкі сталіцы, аб’яднаннем намаганняў для рэалізацыі інтарэсаў, абароны правоў студэнцкай моладзі, удзелу ў рэалізацыі моладзевых праграмаў і праектаў. Таксама студсавет будзе займацца прапагандай і папулярызацыяй вышэйшай адукацыі сярод моладзі Менску», – растлумачылі ў Менгарвыканкаме. Падобныя функцыі ўжо ўскладзеныя на моладзевую палату пры Савеце дэпутатаў. Але чыноўнікі лічаць, што яшчэ адна моладзевая арганізацыя гораду не зашкодзіць.

Што да прадстаўнікоў незалежных арганізацыяў і рухаў, то іх сярод будучых чальцоў студсавету няма. «Можа, не было заявак. А можа, яны не прайшлі галасавання», – кажуць у мэрыі.

Нагадаем, што ў снежні не прайшла ўзгаднення кандыдатура маладафронтаўца Рамана Пратасені, які збіраўся балатавацца ў Моладзевую палату. Ягоная анкета не з’явілася на сайце выбараў, хоць была своечасова дасланая арганізатарам. У сацыяльных сетках, дзе абмяркоўваліся выбары, паведамленні Рамана і ягоных прыхільнікаў мадэратары выдалялі.

Раней БРСМ выступіў ініцыятарам стварэння Рэспубліканскага студэнцкага савету, Моладзевай палаты пры Савеце дэпутатаў (Менск). У апошнім БРСМ далі манаполію на правядзенне выбараў – ладзіліся яны сярод школьнікаў старэйшых класаў ды студэнтаў першага і другога курсаў.

belsat.eu

Стужка навінаў