61-ы дзень пратэстаў у Беларусі: усё больш краінаў адзывае амбасадараў, у Святланы Ціханоўскай напружаны графік сустрэч


Belsat.eu падводзіць вынікі 8 кастрычніка.

Сустрэчы Святланы Ціханоўскай

Сёння іх было вельмі шмат. Святлана Ціханоўская цягам аднаго дня паспела сустрэцца з міністрам замежных справаў Аўстрыі Аляксандрам Шалленбергам, міністрамі замежных справаў Балгарыі, Грэцыі, Славаччыны, а таксама прэзідэнткай Славаччыны.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Славакіі Ігарам Матовічам.
Фота: Radovan Stoklasa / Reuters / Forum

Святлана Ціханоўская і Аляксандр Шалленберг абмеркавалі, ці можа Аўстрыя быць пляцоўкай для перамоваў у справе новых выбараў. Таксама абмеркавалі сітуацыю з аператарам А1 (ён прадстаўляе паслугі ў Беларусі, але ўваходзіць у склад міжнароднай групы A1 Telekom Austria Group) і адключэннем інтэрнэту падчас вулічных пратэстаў.

У МУС Беларусі пацвердзілі пра міждзяржаўны вышук Святланы Ціханоўскай

Афіцыйны прадстаўнік МУС Беларусі Вольга Чамаданава пацвердзіла, што экс-кандыдат на прэзідэнта Святлана Ціханоўская аб’яўленая ў міждзяржаўны вышук.

«Пацвярджаю, што Ціханоўская абʼяўлена ў міждзяржаўны вышук», – сказала Вольга Чамаданава.

Па расейскім ТБ сказалі, што Святлана Ціханоўская абвінавачваецца ў закліках да захопу ўлады.

32 польскія дыпламаты пакідаюць Беларусь, пачаліся праблемы з атрыманнем візаў

Шлях у Шэнген беларусам перакрыты. Консульствы, якія выдавалі амаль тры чвэрці візаў грамадзянам Беларусі, прыпыняюць прыём дакументаў.

Аб’ектыў
Лукашэнка ставіць візавы бар‘ер
2020.10.09 00:04

Да 9 кастрычніка 32 польскіх дыпламаты маюць выехаць з Беларусі, але Варшава не плануе прымаць аналагічных захадаў у дачыненні да беларускіх дыпламатаў. Амбасадары Польшчы і Літвы былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі для кансультацый пасля заяваў беларускага МЗС. Дыпламаты з іншых краінаў вырашылі падтрымаць польскіх і літоўскіх калегаў. Адклікаць свайго амбасадара з Беларусі вырашылі таксама Чэхія, Балгарыя, Славаччына.

Спіс краінаў, якія адклікаюць амбасадараў з Беларусі, па стане на вечар 8 кастрычніка: Балгарыя, Нямеччына, Латвія, Літва, Польшча, Эстонія, Чэхія, Славаччына.

Hавiны
Польская амбасада працягне выдаваць візы. Літоўская – пакуль не вядома
2020.10.08 17:48

Справа TUT.BY

Сёння Эканамічны суд разглядаў справу аб пазбаўленні TUT.by статусу СМІ. Разгляд справы быў прыпынены, але ў Вярхоўным судзе заяву будуць разглядаць 26 кастрычніка. Прыпыненне разгляду справы не азначае вяртанне TUT.by статусу СМІ. То-бок, цяпер яго ў выдання няма. Партал абскарджвае папярэджанні.

Адвакат Сяргей Зікрацкі і гендырэктар «ТУТ БАЙ МЕДИА» Людміла Чэкіна.
Фота: TUT.BY

Затрыманне Анатоля Лябедзькі

Сёння затрымалі Анатоля Лябедзьку, якога на гэтым тыдні Святлана Ціханоўская прызначыла прадстаўніком па канстытуцыйнай рэформе. Былы кіраўнік АГП затрыманы нібыта за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння.

«Лябедзька затрыманы за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння», – пракаментавала пазней Афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкаму Наталля Ганусевіч.

Якое правапарушэнне маецца на ўвазе, міліцыя не тлумачыць. У якім РУУС знаходзіцца палітык – невядома.

Апазіцыйны палітык Анатоль Лябедзька перастаў выходзіць на сувязь раніцай. Тэлефон Анатоля недасяжны.

Каронавірус

У Беларусі амаль 82 тысячы выпадкаў COVID-19. За содні выяўлена 477 новых выпадкаў заражэнняў Covid-19, 6 пацыентаў памерлі.

Пераслед, содні, штрафы

Пераслед нязгодных з палітыкай уладаў працягваецца.

Горадня

Сёння ў гарадзенскіх актывістаў прайшлі ператрусы па справе «масавых закалотаў» 6 верасня. Людзей выклікалі ў Следчы камітэт у якасці сведак, там пераафармлялі ў падазраваных і везлі на ператрусы. Падазраванымі па справе ч.1 арт. 342 прызнаныя два браты Уладзімір і Юры Седзянеўскія. Братоў пакінулі на волі.

Ператрус ў Юры Седзянеўскага

Міліцыянты затрымалі Міколу Верамеенка. Актывіст паехаў у ДАІ пераафармляць машыну. Міколу Верамеенку затрымалі да суду паводле справы 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі), паведмаляе «Гарадзенская вясна».

Hавiны
У Горадні ператрусы па справе «масавых закалотаў»
2020.10.08 14:26

Менск

Марыну Дубіну, грамадзянскую актывістку, праваабаронцу, дырэктарку ГА «Экадом» асудзілі на 13 дзён арышту за ўдзел у мітынгу 23 жніўня.

Наваполацк

Людзей, якія здымаліся ў відэазвароце «Нафтана», выклікаюць у пракуратуру.

Гомель

Суд прысудзіў 15 дзён арышту гомельскаму трэнеру па дзюдо Канстанціну Палею, старшыні і трэнеру спартовага клуба «Прайд», майстру спорту па дзюдо (1 дан па дзюдо). Канстанцін Палей падпісаў ліст спартовай салідарнасці. У выніку яго пачалі пераследаваць.

Бабруйск

У маці бабруйскай журналісткі Марыны Маўчанавай учора прайшоў ператрус паводле крымінальнай справы па падпалу апорнага пункту ў Бабруйску.

«Шукалі мяне. Нічога не забралі, бо ў мамы няма чаго забіраць», – кажа журналістка.

6 кастрычніка вобшук па гэтай жа справе прайшоў у журналіста «Вечернего Бобруйска» Дзяніса Носава. У яго забралі тэхніку.

«Я нармальна сябе пачуваю, але не ведаю чаго далей чакаць. Не хаваюся і не збіраюся. Чаму я мушу хавацца? Я не маю дачынення да гэтага падпалу», – гаворыць Марына.

Паводле ейных звестак, цяпер такія ператрусы будуць праходзіць у кожнага, каго затрымалі ў Бабруйску 4 кастрычніка.

Hавiны
У Бабруйску журналістаў падазраюць у падпале апорнага пункту міліцыі?
2020.10.08 15:42

belsat.eu

Стужка навінаў